Фіналісты “касцёльнай футбольнай лігі” ў Францішка
У сераду, 23 мая 2018 г., за некалькі дзён да завяршэння сезону “касцёльнай футбольнай лігі”, вялікая дэлегацыя прадстаўнікоў кожнай з каманд прыме ўдзел у агульнай аўдыенцыі.
На плошчы св. Пятра будуць прысутнічаць прэзідэнты і капітаны 16 каманд – папскіх калегіўмаў, семінарый, папскіх універсітэтаў – якія ўключаюць 370 семінарыстаў і святароў 70 нацыянальнасцяў.
Вітаць Францішка будуць, у прыватнасці, капітаны двух каманд-фіналістаў: Папскага калегіума “Urbano” і Папскага паўночнаамерыканскага калегіума, якія сустрэнуцца на футбольным полі 26 мая. Яны падораць Папу футболкі сваіх каманд, на якіх будзе нанесена яго імя. Прадстаўнікі Італьянскага спартыўнага цэнтру, галоўнага арганізатара спаборніцтваў, прадставяць Пантыфіку мяч, якім будзе разыграны фінал, і кубак, што дастанецца пераможцы.
“Clericus Cup” нарадзіўся па ініцыятыве кардынала Тарчызіо Бэртонэ, вялікага футбольнага заўзятара, у яго бытнасць Дзяржсакратором. Сёння за арганізацыю турніру з ватыканскага боку адказваюць Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Папская рада па культуры. Сёлетні фінал будзе трансліравацца ў прамым эфіры “Radio Vaticana Italia”.