Пошук

Сустрэча Папы з чылійскім епіскапатам у Ватыкане Сустрэча Папы з чылійскім епіскапатам у Ватыкане  

Папскія пасланнікі зноў накіруюцца ў Чылі

Папскія пасланнікі, якія збіралі сведчанні аб злоўжываннях у Касцёле ў Чылі, зноў накіруюцца ў гэту лацінаамерыканскую краіну, паведаміла 31 мая 2018 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Місія арцыбіскупа Мальты Чарльза Шыклюны і супрацоўніка Кангрэгацыі Веравучэння, кс. прэлата Ёрдзі Бэртамэў, пачнецца ў бліжэйшыя дні. На гэты раз яна будзе праходзіць у дыяцэзіі Азорна, пастыр якой, біскуп Хуан Барас, абвінавачваецца ва ўтойванні выпадкаў злоўжыванняў, якія здзяйсняў мясцовы святар, кс. Фэрнанда Карадзіма. Візіт папскіх пасланнікаў з’яўляецца часткай “працэсу загойвання ран” ахвяр злоўжыванняў, гаворыцца ў паведамленні Святога Пасаду.

Зала Друку пацвердзіла, што 1-3 чэрвеня 2018 г., як было запланавана раней, Францішак прыме ў Доме св. Марты чарговую групу ахвяр злоўжыванняў уладай, сексуальных злоўжыванняў і злоўжыванняў сумленнем з боку кс. Карадзімы. На гэты раз Папа сустрэнецца з пяццю чылійскімі святарамі.

Паведамляецца таксама, што Святы Айцец перадасць старшыні Канферэнцыі Біскупаў Чылі ліст, які асабіста напісаў і адрасаваў усяму Божаму народу, як абяцаў біскупам гэтай краіны падчас сустрэчы з імі, якая адбылася ў Ватыкане некалькі тыдняў таму.

Кс. Фэрнанда Карадзіма быў шырока вядомым і паважаным душпастырам. Абараняў правы чалавека ў перыяд дыктатуры Піначэта, лічыўся аўтарытэтам для моладзі, якая дапамагала бедным. Выхаваў каля 50 святароў, у тым ліку некалькі біскупаў. Па меркаванні многіх, быў святым. Таму, калі некалькі маладых людзей з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сант’яга, дзе быў душпастырам, далі паказанні супраць яго і абвінавацілі ў педафіліі, ніхто не мог паверыць гэтаму.

У адпаведнасці з дзеючымі ў Касцёле працэдурамі, пасля правядзення следства, Кангрэгацыя Веравучэння ў студзені 2011 г. прызнала віну святара і налажыла на яго суспэнсу, забарону ажыццяўлення святарскіх функцый. Праз некалькі месяцаў дыкастэрыя адхіліла апеляцыю з яго боку. Амаль 88-гадовы кс. Карадзіма да сённяшняга дня адбывае пакуту ў адным з кляштараў Сант’яга.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2018, 15:53