Сустрэча Папы з епіскапатам Чылі – ў медытацыі і малітве
Разважанню і малітве была прысвечана першая частка сустрэчы Святога Айца з Канферэнцыяй Біскупаў Чылі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Іерархі сабраліся ў Ватыкане па просьбе Папы для абмеркавання працэсу аздараўлення Касцёла ў краіне пасля скандалаў, звязаных з сексуальнымі злоўжываннямі некаторых прадстаўнікоў мясцовага духавенства.
Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, 15 мая 2018 г. у 16.00 Пантыфік сустрэўся з 34 чылійскімі біскупамі ў адным з памяшканняў Залы Паўла VI. Чарговае пасяджэнне адбываецца 16 мая, і яшчэ два пройдуць на наступны дзень, 17 мая.
У першы дзень Папа ўручыў кожнаму з іерархаў тэкст з пэўнымі тэмамі для пераасэнсавання. Ад гэтага моманту і да наступнай сустрэчы біскупы правялі ў медытацыі і малітве, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Апостальскай Сталіцы.
16 мая 2018, 13:39