Святы Айцец прыняў новае кіраўніцтва Камісіі епіскапатаў ЕС
Аўдыенцыя адбылася 18 мая 2018 г. у Ватыкане. У склад дэлегацыі Камісіі, акрамя арцыбіскупа Холерыша, увайшлі яе віцэ-старшыні: біскуп Мар’яна Крачата з Італіі, біскуп Ноэль Трэнар з Ірландыі, біскуп Ян Вокал з Чэхіі і Генеральны сакратар гэтай структуры, французскі дамініканін, айцец Аліўе Паквілон.
Францішак ухваліў намеры новага кіраўніцтва Камісіі адносна ўмацавання дыялога са структурамі Еўрапейскага Саюза, заснаванага на ўзаемнай павазе і актыўным удзеле грамадзян каталіцкага веравызнання ў распрацоўцы палітыцы, накіраванай на развіццё супольнага дабра.
Падчас двухдзённага візіту ў Ватыкан члены Пастаяннага Камітэта Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці абмяркоўвалі галоўныя выклікі, якія стаяць перад ЕС, і канструктыўную ролю, якую Касцёл адыгрывае ў спрыянні дабру ўсёй Еўропы.
Дэлегацыя сустрэлася таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам; сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам; прэфектам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардыналам Пітэрам Тарксанам; кіраўніком дэлегацыі Еўрапейскага Саюза пры Святым Пасадзе, спадаром Янам Тамбінскім.
Новае кіраўніцтва Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці было абрана 8 сакавіка 2018 г. у Брусэлі, на заканчэнне вясенняй пленарнай асамблеі гэтай структуры. Арцыбіскуп Люксембурга Жан-Клод Холерыш замяніў на пасадзе яе старшыні кардынала Рэйнхарда Маркса, арцыбіскупа Мюнхенска-Фрайзінгскага, які ўзначальваў Камісію з 2012 г.
Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці была заснавана ў 1980 г. У яе склад уваходзяць дэлегаты Канферэнцый Біскупаў 28 дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза. Адзін біскуп прадстаўляе Данію, Швецыю і Фінляндыю, у той час як епіскапат Вялікабрытаніі прадстаўлены дэлегатам ад Канферэнцыі Біскупаў Англіі і Уэльса і дэлегатам ад Канферэнцыі Біскупаў Шатландыі. У склад Камісіі ўваходзіць таксама прадстаўнік епіскапату Швейцарыі, якая не з’яўляецца членам Еўрапейскага Саюза.