Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заклікаў маліцца за Касцёл у Кітаі

Святы Айцец нагадаў, што 24 мая будзе адзначацца Сусветны дзень малітваў за Касцёл у Кітаі, і заклікаў усіх далучыцца да ініцыятывы.

“Гэтая акалічнасць заахвочвае нас да духоўнага яднання з усімі католікамі, якія жывуць у Кітаі. Мы молімся за іх да Маці Божай, каб мелі магчымасць жыць сваёй верай з шчодрасцю і спакоем, каб маглі рэалізаваць канкрэтныя жэсты братэрства, гармоніі і прымірэння ў поўнай еднасці з Наступнікам св. Пятра”, - сказаў Папа.

“Дарагія вучні Пана ў Кітаі, увесь Касцёл моліцца разам з вамі і за вас, каб нават на фоне цяжкасцей вы маглі працягваць давяраць Божай волі. Маці Божая ніколі не перастане дапамагаць вам і будзеце ахоўваць вас сваёй матчынай любоўю”

- дадаў Францішак.

Сусветны дзень малітваў за Касцёл у Кітаі быў абвешчаны Бэнэдыктам XVI яшчэ ў 2007 г. у “Лісце да католікаў Кітая”. У ім Пантыфік выказаў просьбу, каб літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якую з вялікай пабожнасцю ўшаноўваюць у марыйным санктуарыі Шэшань у Шанхаі, стаў нагодай для ўсяго свету, каб злучыцца ў малітве з Касцёлам у Кітаі.

У гэтай камуністычнай краіне па-ранейшаму дзейнічае як “афіцыйны”, прызнаны дзяржавай, так і “падпольны” Касцёл. Між тым, ватыкана-кітайскія адносіны да гэтага часу складваюцца няпроста. Пекін па-ранейшаму не прызнае кандыдатаў на біскупаў, вылучаных Святым Пасадам, лічачы гэта ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны. Таксама і рэлігійныя свабоды ў Кітаі на практыцы існуюць толькі ў вельмі абмежаванай ступені.

У “падпольным” Касцёле няма семінарый, семінарысты вучацца ў дамах, і іх падрыхтоўка аказваецца даволі абмежаванай, у той час як у “афіцыйных” семінарыях за апошнія 20 гадоў колькасць пакліканняў скарацілася, і адна з прычын гэтага – працяглая палітыка аднаго дзіцяці.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 мая 2018, 15:08