Пантыфік адзначыў прыклад новай благаслаўлёнай
“Учора ў Неапалі была абвешчана благаслаўлёнай сястра Марыя Крочэфіса Гаргані, заснавальніца кангрэгацыі Сясцёр Апосталак Найсвяцейшага Сэрца. Духоўная дачка Айца Піа, яна была сапраўдным апосталам у адукацыйнай сферы і парафіяльным жыцці. Няхай яе прыклад і заступніцтва падтрымліваюць яе духоўных дачок і ўсіх выхавацеляў”, - пажадаў Пантыфік.
Марыя Гаргані нарадзілася ў 1892 г. на поўдні Італіі. Працавала настаўніцай, удзяляючы асаблівую ўвагу клопату аб адукацыі дзяцей з бедных сям’яў. Яна шырока выкарыстоўвала даступныя ў той час тэхналагічныя рашэнні для паляпшэння педагагічнага працэсу, што мела вялікі поспех: падчас яе заняткаў класы былі перапоўнены.
Будучая благаслаўлёная прыватна склала абяцанне чысціні і вяла глыбокае духоўнае жыццё. Далучыўшыся да адной з малітоўных груп пры капуцынскім кляштары ў Сан-Марка-ла-Катала, яна пазнаёмілася з айцом Піа з П’етрэльчыны.
Праз некаторы час Марыя Гаргані вырашыла заснаваць таварыства, задачай якога павінна была стаць праца ў населеных пунктах, дзе няма святароў. Айцец Піа падтрымаў яе і параіў неадкладна звярнуцца да біскупа.
У 1945 г. Марыя Гаргані стала законніцай, прыняўшы імя Марыі Крочэфісы ад Божай Любові, а праз год, заснаваная ёй супольнасць, якая першапачаткова была пабожным таварыствам, была рэарганізавана ў манаскую кангрэгацыю дыяцэзіяльнага права, статут якой быў зацверджаны Апостальскай Сталіцай ў 1963 г. Марыя Крочэфіса кіравала ёй да 1971 г., а ў 1973 адышла ў вечнасць.