Пошук

Парафіяльная агенда Парафіяльная агенда 

Пінская дыяцэзія падрыхтавала агенду “на ўсе выпадкі жыцця”

Больш чым 1500-старонкавая парафіяльная агенда была падрыхтавана выдавецтвам Пінскай дыяцэзіі. Кнігу плануюць прадставіць падчас урачыстасцяў у Будславе, якія сёлета пройдуць 1-2 ліпеня 2018 г.

Парафіяльная агенда, праца над якой трывала каля трох гадоў, з’яўляецца каштоўным дапаможнікам для святароў. Яна складаецца з трох частак. Першая прысвечана эўхарыстычнаму культу, другая ўтрымлівае тэксты для правядзення набажэнстваў, а трэцяя – благаслаўленні. Кніга была выдадзена на якаснай паперы і ў цвёрдай вокладцы, “якую нават калі нехта і захоча парваць, не здолее гэтага зрабіць”, запэўніў “Vatican News” кс. Пётр Бялевіч, кіраўнік выдавецтва Пінскай дыяцэзіі.

Гаворачы пра змест агенды, святар падкрэсліў, што на яе старонках можна знайсці трынаццаць тэкстаў для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Два з іх асабліва адметныя, бо іх аўтары шчыльна звязаны з гісторыяй Касцёла ў Беларусі.

“Першы – гэта благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька. Ён склаў набажэнства для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, прысвечанае Божай Міласэрнасці. Гэты тэкст быў знойдзены недзе ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і перакладзены на беларускую мову. Гэта вельмі прыгожая і вельмі доўгая адарацыя, якая будзе вельмі слушнай, калі святар захоча даўжэй памаліцца са сваімі парафіянамі. А калі самі парафіяне пажадаюць памаліцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пробашч можа даць ім сваю парафіяльную агенду і яны змогуць самастойна чытаць адпаведныя малітвы і адараваць Пана Езуса”, - распавёў кс. Пётр.

Другі асаблівы тэкст для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту быў складзены яшчэ да Другой сусветнай вайны тагачасным дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Каралем Нямірам. Ён сам вельмі любіў гэту адарыцыю і часта праводзіў яе з вернікамі, заўважыў кс. Пётр.

Гаворачы пра тэксты літаній, навэннаў, набажэнстваў, сабраныя ў агендзе, святар заўважыў, што пры іх падборы абапіраўся на ўласны душпастырскі досвед, а таксама ўлічваў асаблівасці пабожнасці беларускіх вернікаў. Таму тут знайшлося месца для малітваў да св. Казіміра, св. Андрэя Баболі, св. Ядзвігі, св. Максімільяна Кольбэ, св. Язафата Кунцэвіча і іншыя святых, якія карыстаюцца асаблівай пашанай у Беларусі.

Трэцяя частка выдання змяшчае ў сабе благаслаўленні пры самых розных нагодах: благаслаўленні літургічных рэчаў, благаслаўленні на розных этапах сямейнага жыцця, у штодзённай дзейнасці чалавека, напрыклад, благаслаўленні палёў ці хатняй жывёлы, што вельмі важна для пераважна сельскагаспадарчай Беларусі.

Па словах кс. Пятра, нагодай для выдання паслужыла 100-годдзе біскупскага пасвячэння Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, першага Біскупа Пінскага, а таксама 80-годдзе кананізацыі св. Андрэя Баболі, галоўнага апекуна Пінскай дыяцэзіі.

“Мы захацелі выдаць гэтую агенду менавіта сёлета, калі святкуем дзве гэтыя асаблівыя даты, калі ўшаноўваем гэтых вялікіх душпастыраў: Андрэя Баболю, які клапаціўся пра наш палескі народ, просты народ, Божы народ, а таксама Зыгмунта Лазінскага, які фармаваў Пінскую дыяцэзію, уводзіў набажэнствы, малітвы, будаваў касцёлы, клапаціўся пра новыя парафіі”, - сказаў святар.

Выдавецтва Пінскай дыяцэзіі было заснавана ў 2016 г. Раней ім быў выдадзены малітоўнік “Бог добры”, увесь першы наклад якога – а гэта 5 тыс. асобнікаў – распаўсюдзіўся за два гады. Абодва выданні “сінхранізаваныя” паміж сабой. Напрыклад, спевы для кожнага набажэнства, змешчанага ў парафіяльнай агендзе, пазначаны нумарам старонкі, на якой іх можна знайсці ў малітоўніку.

У кнізе ёсць шмат падказак і прапаноў, якія дапамогуць правесці тое ці іншае набажэнства належным чынам, і біблійныя тэксты, якія дазволяць не выкарыстоўваць адначасова некалькіх кніг.

Выдавецтва не намерана спыняцца на агендзе. У бліжэйшы час ім будзе выдадзены евангеліярый, які рыхтуецца ў супрацоўніцтве з Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, біблійная агенда на 2019 год, а таксама кніга з разважаннямі да Крыжовага шляху, аўтарам якіх з’яўляецца сам кс. Пётр Бялевіч.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 чэрвеня 2018, 15:28