Кіраўнік італьянскага епіскапату з візітам ва Украіне
Іерарх прыняў запрашэнне арцыбіскупа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука, кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, далучыцца да нацыянальнай пілігрымкі ў Марыйны санктуарый у Зарваніцы, дзе захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай. Цэнтральныя падзеі ўрачыстасці запланаваны на 14-15 ліпеня.
Арцыбіскуп Кіева-Галіцкі назваў візіт кардынала Басэці “знакам блізкасці Касцёла ў Італіі” да ўкраінскага народу, “выпрабаванага вайной і пакутамі”. Суправаджаць іерарха ў гэтым малітоўным падарожжы будзе біскуп італьянскай Тартоны Віторыя Віола.
14 ліпеня іерархі сустрэнуцца з маладымі вернікамі ў Зарваніцы. Біскуп Віола скіруе да іх сваю прамову. Вечарам таго ж дня, пасля працэсіі са свечкамі, да шматлікіх пілігрымаў звернецца кардынал Басэці. Яшчэ адна прамова ватыканскага пурпурата да ўкраінскіх вернікаў запланавана на наступны дзень,15 ліпеня, адразу пасля ранішняй літургіі.
Па папярэдніх ацэнках арганізатараў двухдзённага свята ў гонар Маці Божай Зарваніцкай, колькасць пілігрымаў з Украіны і з-за мяжы дасягне 100 тыс. чалавек. У гэтым годзе ўрачыстасці ў Зарваніцы будуць прысвечаны 1030-годдзю Хрышчэння Русі і малітве ў інтэнцыі міру і адзінства Украіны.
Удзел ва ўрачыстасцях у Зарваніцы прымуць таксама Апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Клаудыё Гуджэроці, шматлікія прадстаўнікі епіскапату і духавенства Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.