Пошук

Абраз Маці Божай Будслаўскай Абраз Маці Божай Будслаўскай 

Будслаў пад дажджом, але з яснымі тварамі!

Святам пад парасонамі ўжо назвалі ўрачыстасці 2018 года ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай іх удзельнікі. Чарговае свята ў гонар Апякункі Беларусі стала гісторыяй.

Дажджы, якія прыйшліся менавіта на кульмінацыю святкавання, не сапсавалі настрою, а відавочна – толькі яшчэ ўзмацнілі тысячы пілігрымаў у веры. Здавалася, яны і не заўважаюць дрэннага надвор’я, таму што сонца свяціла ў душы.

Напрыклад, упершыню пяць жанчын – усе ўдзельніцы Руху малітвы маці за дзяцей – прыбылі ў Будслаў з Ліды, каб у духоўным цэнтры краіны памаліцца за ўсіх дзяцей, падзялілася думкамі адна з іх. “Атрымоўваецца добра так склалася, што ў пятніцу ў нас было свята святых Пятра і Паўла, а завяршаецца ўсё такой падзякай Марыі, падзякай за тое, што мы можам праслаўляць яе Сына менавіта тут, у Будславе”, - сказала Алена.

У гэтым годзе ўрачыстасці былі прысвечаны моладзі – у гэтым кантэксце праходзіць увесь год у Каталіцкім Касцёле. З асаблівымі словамі да маладых людзей у Будславе звярталіся беларускія іерархі.

“Касцёл у Беларусі як частка паўсюднага Касцёла заклапочаны маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення і хоча яму дапамагчы. Мы хочам мець добра ўгрунтаваных у сваёй веры людзей, таму мы звяртаем увагу на моладзь. Паўсюдны Касцёл звяртае ўвагу на то, што праблема маладога пакалення актуальная для ўсяго свету. Менавіта таму Францішак збірае ў кастрычніку Сінод Біскупаў на тэму моладзі, яе веры і паклікання. А калі мы кажам пра пакліканне, то гэта не толькі святарства, але і сямейнае жыццё. Маладыя людзі часта не разумеюць гэтага паклікання да сям’і, да бацькоўства. Гэта ахвярная любоў, да гэтай любові заклікае Касцёл”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Эўхарыстычная працэсія, малітвы каля абраза Маці Божай, прэзентацыі кніг і спевы – на першы погляд кожны год падзеі ў Будславе паўтараюцца. Але непаўторнымі становяцца эмоцыі тых, хто сюды прыбывае, яны заўсёды новыя. І менавіта гэта прывядзе пілігрымаў у Будслаў і наступны раз, магчыма, не толькі на ліпеньскія ўрачыстасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 ліпеня 2018, 14:00