Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Прынята дэкларацыя па выніках каталіцка-англіканскага дыялогу

Адрозненні не падстава для падазронасці ці папрокаў, але нагода для ўзаемнага выслухоўвання, пазнання і навяртання – у такім ключы вытрымана першая ўзгодненая дэкларацыя Міжнароднай англікана-каталіцкай камісіі.

Дакумент пад назвай “Ісці разам па шляху: вучыцца быць Касцёлам – мясцовым, рэгіянальным, паўсюдным” (Walking Together on the Way: Learning to Be the Church – Local, Regional, Universal) быў прыняты падчас мінулагодняга пасяджэння Камісіі ў нямецкім горадзе Эрфурце, аднак распаўсюджаны толькі цяпер, пасля сямі гадоў сустрэч і кансультацый, паведаміла ватыканская газета “L'Osservatore Romano”.

Гаворка ідзе аб першай дэкларацыі, прынятай Камісіяй па выніках трэцяга этапу афіцыйнага дыялогу яе прадстаўнікоў. Па словах сустаршынь Камісіі, каталіцкага арцыбіскупа Бернарда Лонглі і англіканскага арцыбіскупа Дэвіда Моксана, яна мае на мэце больш дэтальнае раскрыццё падыходаў Каталіцкага Касцёла і Англіканскай супольнасці да пытанняў рэлігійнай улады і царкоўнага адзінства.

68-старонкавая дэкларацыя складаецца з 6 артыкулаў і засяроджваецца пераважна на аналізе таго, як кожная з дзвюх канфесій практыкуе ўладу на мясцовым, рэгіянальным і паўсюдным узроўнях, як ураўнаважвае працэсы прыняцця рашэнняў.

Дакумент распрацоўваўся згодна з метадам “успрыімлівага экуменізму”: кожны з бакоў зыходзіў з усведамлення цяжкасцей і напружання, прысутных у “інструментах камуніі”, якія дзейнічаюць у Каталіцкім Касцёле і Англіканскай супольнасці, і імкнуўся вызначыць тое станоўчае, што можа быць перанята ўдзельнікамі экуменічнага працэсу.

Так, напрыклад, узгадваецца практыка Англіканскай супольнасці “надаваць вырашальную ролю Сінодам і ўладам, якія робяць унёсак у рэгіянальныя інструменты адзінства”. На думку аўтараў дакумента, гэта магло б натхніць Рыма-Каталіцкі Касцёл на “больш выразнае акрэсленне ўладных паўнамоцтваў Біскупскіх Канферэнцый”.

Трэці этап тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Англіканскай супольнасцю распачаўся з пасяджэння ў кляштары Бозэ на поўначы Італіі, якое праходзіла 17–27 мая 2011 г. Яго задача заключалася ў вырашэнні прынцыповых пытанняў адносна “Касцёла – мясцовага і паўсюднага – як камуніі”.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 ліпеня 2018, 14:12