Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сусветная сустрэча сем’яў: паўмільёна асоб на св. Імшы з Папам

Распаўсюджаны ўсе 500 тыс. білетаў на ўдзел у св. Імшы з Папам, якая адбудзецца 26 жніўня 2018 г. у Дубліне ў рамках ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Білеты для ўдзельнікаў Эўхарыстыі на тэрыторыі дублінскага “Фенікс-Парку” сталі даступныя для браніравання 25 чэрвеня 2018 г. і разышліся ўсяго за два тыдні. Больш за палову ўдзельнікаў літургіі маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Усяго на ІХ Сусветную сустрэчу сем’яў у Ірландыю прыбудуць прадстаўнікі 116 краін свету, у тым ліку Беларусі.

“Няма нічога дзіўнага ў такім неверагодна вялікім інтарэсе: сям’я важная для кожнага з нас. Людзям падабаецца тое, што кажа папа Францішак адносна сям’і і Касцёла”, - пракаментаваў сітуацыю генеральны сакратар ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў, а. Цімаці Барлет.

Святар заспакоіў тых, хто не змог атрымаць білет у “Фенікс-Парк”, запэўніўшы, што літургія будзе трансліравацца ў прамым эфіры, а многія парафіі і дыяцэзіі арганізуюць сустрэчы на месцах такім чынам, што асобы, якія не будуць прымаць асабісты ўдзел у св. Імшы з Папам, змогуць, тым не менш, адчуць сябе сапраўды часткай гэтай падзеі.

ІХ Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе з 21 па 26 жніўня 2018 г. у ірландскім Дубліне пад дэвізам “Евангелле сям’і – радасць для свету”. 25 жніўня да яе ўдзельнікаў далучыцца Святы Айцец.

Акрамя сумеснай малітвы з сем’ямі ў рамках міжнароднага форуму, праграмай двухдзённага візіту Папы ў Ірландыю запланаваны яго сустрэча з кіраўніцтвам дзяржавы, з мясцовымі біскупамі, наведванне асобных каталіцкіх святынь у Дубліне і мястэчку Нок, а таксама прыватны візіт у прытулак для бяздомных сем’яў у Дубліне, якім апякуюцца законнікі з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 ліпеня 2018, 12:18