Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Сусветная сустрэча сем’яў: разважанні ў фармаце анімацыі

Напярэдадні візіту папы Францішка ў Ірландыю мясцовае Агенцтва па медыякантэнце стварыла тэлесерыял і мультфільм, натхнёныя Апостальскай адгартацыяй “Amoris Laetitia”.

Дзесяцісерыйны мультфільм “Amoris Animations” прапануе разважанні на тэму сям’і ў форме “кароткіх, захапляючых” анімацыйных стужак, расказвае яго аўтар Кіран О’Брайан.

Першыя шэсць прызначаны для сумеснага прагляду ў сямейным коле. Кожная асобная серыя апавядае пра той ці іншы выклік, якому сям’я можа і павінна даць адказ: сям’я і яе здольнасць пераўтвараць свет, любоў і міласэрнасць, сямейны лад жыцця як адлюстраванне Найсвяцейшай Троіцы, любоў і недасканаласць, сям’я і культура спажывальніцтва, сям’я ў лічбавую эпоху.

Гэтыя серыі мультфільма ўжо даступны для прагляду на афіцыйным сайце ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў на італьянскай, іспанскай і французскай мовах.

Сям'я і лічбавая эра

Асобна Кіран О’Брайан стварыў чатыры серыі “Amoris Animations” спецыяльна для самых маленькіх гледачоў. Яны будуць прэзентаваны на душпастырскім кангрэсе ў рамках ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў.

У сваю чаргу, тэлесерыял пад назвай “Падарожжа праз Amoris Laetitia” будуецца на разважаннях вядомых духоўных асоб на тэму сям’і, а таксама саміх сем’яў, з розных сацыяльных слаёў і розных частак свету. Серыял таксама даступны для прагляду ў Інтэрнэце.

Першая серыя фільма

“Як Езус апавядаў у форме прыпавесцяў, так і агенцтва “Ministory” прыйшло да ўсведамлення, што гісторыі – калі добра расказаны – могуць аказваць на слухача пераўтваральны эфект. Яны здольныя змяніць яго светапогляд, спосаб мыслення і, нарэшце, паводзіны. Таму добрае апавяданне павінна быць у сэрцы ўсёй нашай працы ў Касцёле. Гэта адзін з найлепшых інструментаў, каб весці ў кірунку жыццёвага абнаўлення”, - пракаментаваў сваю працу рэжысёр Кіран О’Брайан.

ІХ Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе з 21 па 26 жніўня 2018 г. з удзелам Святога Айца Францішка ў ірландскім Дубліне пад дэвізам “Евангелле сям’і – радасць для свету”.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 ліпеня 2018, 15:40