Турынскую Плашчаніцу выставяць для моладзі
Больш за 2 тыс. маладых людзей з 17 дыяцэзій П’емонта і Валь д’Аоста 10 жніўня 2018 г. будуць маліцца ля хрысціянскай святыні. Адарацыя будзе папярэднічаць пілігрымцы моладзі ў Рым, дзе 11 і 12 жніўня юнакі і дзяўчаты прымуць удзел у сустрэчы з Папам.
Гэта не будзе такое ж маштабнае адкрыццё, як, напрыклад, падчас юбілейнага года, але моладзь атрымае магчымасць правесці адарацыю ў непасрэднай блізкасці да Плашчаніцы. Для малітвы перад рэліквіяй былі падрыхтаваны тэксты ў фармаце электроннай кнігі.
У Турын маладыя італьянцы прыйдуць і прыедуць у пілігрымцы з сваіх дыяцэзіяльных санктуарыяў і важных для мясцовага Касцёла месцаў. Па дарозе яны будуць затрымлівацца, каб рэалізаваць справы міласэрнасці, сярод іншага, дапамагаючы пажылым людзям.
У ноч на 10 жніўня моладзь адправіцца з Турына ў Рым, дзе пройдзе сустрэча Францішка з маладымі людзьмі з усёй Італіі. Нацыянальная моладзевая пілігрымка пройдзе ў рамках падрыхтоўкі Касцёла да кастрычніцкага Сіноду Біскупаў на тэму моладзі. Чакаецца, што ў жнівеньскай сустрэчы з Папам прымуць удзел больш за 50 тыс. асоб.
З 1578 г., калі Турынская Плашчаніца была перанесена з Шамберы ў Турын, яна выстаўлялася ўсяго 11 разоў, апошні раз у 2013 г. Нягледзячы на тое, што арганізаваная для моладзі адарацыя не з’яўляецца тым жа, што публічнае адкрыццё хрысціянскай рэліквіі, гэта ўнікальная і непаўторная ініцыятыва.