Пошук

Ян Павел ІІ падчас Сусветнай сустрэчы сем'яў 10 жніўня 1994 г. Ян Павел ІІ падчас Сусветнай сустрэчы сем'яў 10 жніўня 1994 г. 

Сусветная сустрэча сем’яў – прарочая ініцыятыва Яна Паўла ІІ

Сусветная сустрэча сем’яў, якая адбудзецца 21-26 жніўня 2018 г. у Дубліне стане ўжо дзевятай і пройдзе праз 25 гадоў пасля першага форума, скліканага св. Янам Паўлам ІІ.

Падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якая праходзіла 6 чэрвеня 1993 г. з нагоды Сямейнага свята, арганізаванага Рухам Фалаляраў, Ян Павел ІІ абвясціў важную навіну: разам з Міжнародным годам сям’і пад эгідай ААН у 1994 г., таксама і Каталіцкі Касцёл будзе святкаваць адмысловы Год сям’і. Яго галоўнай падзеяй стане Сусветная сустрэча сем’яў у кастрычніку 1994 г. у Рыме, на тэму “Сям’я – сэрца цывілізацыі любові”.

Як і Сусветныя дні моладзі, гэтая ініцыятыва нарадзілася дзякуючы прароцкай інтуіцыі Яна Паўла ІІ і стала дарам для Касцёла, узбагачаючы ўсе наступныя пантыфікаты.

У рамках Года сям’і святы Папа апублікаваў спецыяльнае пасланне, у якім адзначыў неабходнасць будавання “цывілізацыі любові”, заснаванай на сям’і. Ён таксама скіраваў спецыяльны ліст да дзяцей і прысвяціў сям’і сваё пасланне на Сусветны дзень міру.

Праз тры гады – 4-5 кастрычніка 1997 г. – Сусветная сустрэча сем’яў на тэму “Сям’я – дар і адказнасць, надзея чалавецтва” прайшла ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра, а яшчэ праз тры гады, у Рыме, у рамках Юбілейнага года, адбылася сусветная сустрэча на тэму “Дзеці – вясна сям’і і грамадства”.

Апошні сямейны форум падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ прайшоў у 2003 г. у філіпінскай Маніле. Ён быў прысвечаны хрысціянскай сям’і, як Добрай навіне для трэцяга тысячагоддзя. Сям’я, заснаваная на сужэнстве – гэта спадчына чалавецтва, сапраўдная Добрая навіна для людзей нашага часу, казаў будучы Пантыфік.

Сусветная сустрэча сем’яў 2006 г. праходзіла ў іспанскай Валенсіі ўжо падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў Папа казаў пра ролю сям’і ў перадачы веры, сцвярджаючы, што веры можна навучыцца ў сям’і, калі яна ўмацоўваецца праз малітву і хрысціянскія практыкі.

На форуме, які прайшоў у студзені 2009 г. у Мехіка, Бэнэдыкт XVI звяртаў увагу на сям’ю, як на месца фарміравання чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцей, а таксама перасцерагаў ад фальшывага разумення свабоды і ўмацавання індывідуалізму, які нясе пагрозу для непарыўнасці сям’і.

На Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане летам 2012 г. на тэму “Сям’я, праца і свята”, Папа, між іншым закрануў праблемы сем’яў, якія пакутуюць ад разводаў. “Мне здаецца, што вялікае заданне парафіі, каталіцкай супольнасці, рабіць усё магчымае, каб яны адчувалі, што іх любяць і прымаюць”, - адзначаў ён.

Для Францішак першая сустрэча з сем’ямі з усяго свету адбылася ў Філадэльфіі, праз год пасля Сінода Біскупаў, што праходзіў у кастрычніку 2014 г. у Ватыкане на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”. У ЗША Папа падкрэсліваў, што мара Бога працягвае спаўняцца ў марах шматлікіх пар, якія маюць адвагу стварыць сям’ю. Пантыфік заклікаў сем’і працягваць быць прароцтвам міра, пяшчоты і любові для параненага чалавецтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 жніўня 2018, 11:06