У Дубліне размаўлялі аб будучыні сямейных прадпрыемстваў
“Бізнес павінен лічыцца з асабістымі талентамі і задавольваць патрэбы чалавецтва сапраўднымі і ўстойлівымі дабротамі, у духу служэння і салідарнасці да чалавечай сям’і”, - сказаў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, звяртаючыся да ўдзельнікаў круглага стала.
Высокі ватыканскі іерарх заўважыў, што заданне чалавека “апрацоўваць і бараніць зямлю”, тычыцца годнасці чалавека, як Божага вобразу. У такім ключы праца з’яўляецца пакліканнем чалавека быць партнёрам Бога, ставячы ўсё стварэнне на службу патрэбам людзей.
У гэтай перспектыве, “прадпрымальніцтва – гэта шляхетнае пакліканне, якое арганізуе і выконвае працу, ставячы стварэнне і яго рэсурсы на службу дабру ўсёй чалавечай сям’і”, а сям’я – гэта “рэсурс ўстойлівасці і служэння любові” для цяперашніх і будучых пакаленняў, сказаў ён.
Падчас дыскусіі адзначалася, што сямейныя прадпрыемствы граюць ключавую ролю ў развіцці супольнага дабра, у сацыяльным развіцці і задавальненні эканамічных патрэб чалавецтва. Яны складаюць дзве трэці прадпрыемстваў у свеце, залучаюць каля 60% рабочай сілы і ствараюць каля 70% сусветнага валавага прадукта. У сувязі з гэтым падкрэслівалася, што Касцёл пакліканы падтрымліваць сямейныя прадпрыемствы, дапамагаючы ім па-сапраўднаму спаўняць сваё пакліканне і быць прыкладам для іншых.