Пошук

Папа падчас сустрэчы з еўрапейскімі езуітамі Папа падчас сустрэчы з еўрапейскімі езуітамі 

Папа заклікаў маладых езуітаў “шавяліцца” і дапамагаць моладзі

Беспрацоўе сярод моладзі і роля Таварыства Езуса ў свеце былі галоўнымі тэмамі размовы Папы з удзельнікамі фармацыйнай сустрэчы для езуітаў, якія вучацца або служаць у Еўропе.

Штогадовы форум “European Jesuits in formation” праходзіць 28 ліпеня-20 жніўня 2018 г. у Рыме. У візіце да Святога Айца, які адбыўся 1 жніўня, прынялі ўдзел 25 маладых законнікаў з розных краін кантынента

Адказваючы на заклапочанасць аднаго са сваіх гасцей, Папа падзяліўся думкамі адносна беспрацоўя сярод моладзі, зазначыўшы, што гаворка ідзе “пра адну з найбольш вострых і балючых праблем”, паколькі тычыцца годнасці чалавечай асобы.

“[Адбываецца перафарматаванне сусветнай эканомікі, дзе канкрэтна эканоміка саступае месца абстрактным фінансам. Цэнтральнае месца займаюць фінансы, а яны – бязлітасныя]”

- падкрэсліў Папа.

Святы Айцец выказаў перакананне ў тым, што галоўнае месца ў эканоміцы павінен займаць чалавек. “Я думаю, што сёння, вялікім грахом супраць годнасці чалавека з’яўляецца яго змяшчэнне з цэнтральнага месца”, - сказаў ён.

Паводле Францішка, “абстрактная” фінансавая сістэма садзейнічае пашырэнню беспрацоўя, а гэта, у сваю чаргу, з’яўляецца адной з асноўных прычын самагубства сярод людзей маладога ўзросту. “Яны губляюць здольнасць адчуваць сябе патрэбнымі, і развітваюцца з жыццём”, - з жалем заўважыў Пантыфік.

Яшчэ адно наступства беспрацоўя – наркотыкі. Моладзь знаходзіць у іх “спосаб уцёкаў ад недахопу годнасці”.

“[Падумайце, што за кожнай дозай какаіну стаіць вялікая сусветная індустрыя, якая дае такую магчымасць, і можа – я не ўпэўнены – самы вялікі абарот грошай у свеце]”

- сказаў Папа.

Францішак таксама заўважыў, што ў апошні час, моладзь, ратуючыся ад беспрацоўя, нярэдка, выбірае наёмніцтва і ўдзелу ў ваенных канфліктах.

Пантыфік заклікаў маладых езуітаў быць уважлівымі да праблем маладых людзей, дапамагаць ім адчуць сябе патрэбнымі, слухаць іх, а таксама з малітвай, “мужнай крэатыўнасцю” і без страху запэцкаць рукі, “шавяліцца” для вырашэння канкрэтных праблем.

Францішак падчас сустрэчы з маладымі езуітамі
02 жніўня 2018, 12:58