Беларусь: надаць Успаміну памерлых статус выхаднога
Яна апублікавана на платформе Zvarot.by пад назвай “Зрабіць Дзяды непрацоўным днём – даць магчымасць ушанаваць продкаў!”. Трэба нагадаць, 2 лістапада быў непрацоўным днём з самага пачатку незалежнай Беларусі, але ў 1996 г. яго выкраслелі з шэрагу выхадных.
Аўтарам петыцыі стала верніца гомельскай парафіі Нараджэння Маці Божай Алёна Германовіч. Як паведаміла яна Беларускай рэдакцыі Vatican News, летась пад аналагічнай петыцыяй сабралі каля 2 тыс. подпісаў. Зварот быў накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта і Савет Міністраў Беларусі, але адказ прыйшоў з Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей за подпісам Алены Радчанкі.
Там гаворыцца, што права на свабоду веравызнання, замацаванае ў Канстытуцыі, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў – у адваротным выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян. Менавіта таму ў апараце Упаўнаважанага палічылі, што ў цяперашні час дапаўняць рэлігійныя святы, якія адзначаюцца ў Беларусі у якасці святочных дзён, яшчэ адным, і аб’яўляць яго непрацоўным днём, “немэтазгодна”.
Аўтар петыцыі нагадала, што аб Успаміне усіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада, у адказе нічога не гаворыцца. Але ў звароце звярталі ўвагу менавіта на праблему працоўнага дня на “Дзяды” – свята, якое адзначаюць не толькі католікі, але і грамадскасць у цэлым. Таму кампанію вырашана было аднавіць з той нагоды, што 1-2 лістапада зноў набліжаюцца, і патрабаваць адказу на петыцыю з Савета міністраў – бо менавіта там вырашаюць пытанні аб наданні пэўным дням статусу выхадных.
Беларусам прапануюць падпісаць петыцыю і падтрымаць кампанію незалежна ад прыналежнасці да канфесіі. Калектыўны зварот зноў будзе накіраваны ў Савет Міністраў і Адміністрацыю Прэзідэнта.
Паводле петыцыі, калі “Дзяды” былі непрацоўным днём, гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць продкаў, падбаць пра добраўпарадкаванне могілак. Тым часам, у Беларусі, па розных дадзеных, жыве да 1 млн 4 тыс. католікаў, ці каля 15% насельніцтва, а ў Гродзенскай вобласці – 60% насельніцтва. Але абавязак наведаць могілкі цяжка выканаць у цяперашніх умовах адсутнасці непрацоўнага дня 1 ці 2 лістапада.
У звароце гаворыцца аб тым, што праваслаўныя вернікі маюць свой дзень памяці продкаў – Радаўніцу, якая афіцыйна з’яўляецца выхадным, нагадвае спадарыня Алёна: “Больш за тое, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі ў адносінах да продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць “Дзяды” паводле старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці; і гэта выклікае пытанні. У мэтах дасягнення сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве, захавання добразычлівых адносін да прадстаўнікоў розных канфесій, рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак, выхавання моладзі ў духу пашаны да продкаў патрабуем зрабіць 1 і 2 лістапада непрацоўнымі днямі ў Беларусі”.
Трэба заўважыць, што летась ініцыятыву вяртання непрацоўнага дня ў лістападзе падтрымала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Яе старшыня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў падпісваць петыцыю, а таксама ад імя епікапату адправіў адмысловы ліст Прэзідэнту Беларусі. Біскупы прасілі зрабіць выхадным днём 1 лістапада, калі католікі святкуюць урачыстасць Усіх святых.