Пошук

Папа падчас сустрэчы з братам Алаізам Лозерам Папа падчас сустрэчы з братам Алаізам Лозерам 

Прыёр Тэзэ на Сінодзе: паказаць моладзі каштоўнасць адносін

Моладзь цікавіць адказ на пытанне, як жыць верай сёння. Яны шукаюць сведак, людзей, якія жыва і дынамічна дэманструюць сваю веру і свае адносіны з Хрыстом, лічыць прыёр экуменічнай Супольнасці Тэзэ.

Брат Алаіз Лозэр прысутнічае на Сінодзе Біскупаў у якасці спецыяльнага госця. У каментары для “Vatican News” ён зазначыў, што сучасная моладзь прагне бачыць людзей, якія дададуць ім адвагі наблізіцца да Хрыста, сустрэцца з Ім і палюбіць Яго.

Прыёр экуменічнай супольнасці звярнуў увагу на новыя тэхналогіі, дзякуючы якім маладыя людзі камунікуюцца. Вельмі часта яны становяцца сапраўднай прыладай новай евангелізацыі. Але, здараецца і так, што тэхналагічныя вынаходніцтвы ператвараюцца ў прычыну вялікіх пакут, самотнасці, маніпулявання, эксплуатацыі і насілля.

“У Тэзэ – і гэта свядомы выбар, – няма экранаў, нават камп’ютэрных, няма складаных аўдыёпрылад. Іх адсутнасць дапамагае маладым людзям усвядоміць, цалкам натуральным чынам, каштоўнасць адносін з іншымі людзьмі. Гэта дазваляе ім адчуць смак сустрэчы”, - сказаў ён.

Адказваючы на пытанне, якім чынам “адарваць” маладых людзей ад гаджэтаў, якія часта займаюць цэнтральнае месца ў іх жыцці, брат Алаіз адказаў, што ў іх супольнасці гэта робіцца з дапамогай простага і беднага ладу жыцця, што дазваляе адыгрываць цэнтральную ролю братэрскім стасункам.

Прыёр Супольнасці Тэзэ лічыць, што сучасная моладзь прагне трывалай любові, якая перамагае падзелы ў сем’ях, сужэнствах, Касцёле. Да яе можна прыйсці праз наследаванне Хрыста, і менавіта ў гэтым трэба дапамагчы маладым людзям.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 кастрычніка 2018, 11:25