Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Адзін працэнт на дабрачыннасць. Ці патрэбна гэта ў Беларусі?

У Беларусі сталі менш ахвяраваць на дабрачыннасць. Паводле апублікаванага ў лістападзе сусветнага рэйтынгу дабрачыннасці World Giving Index - 2018, краіна займае 121 месца са 144.

Пры гэтым у 2017 г. Беларусь займала 117 пазіцыю, у 2016 г. 110, а ў 2014г. – 84. Бачна, што рэйтынг краіны, у якім улічваюцца тры паказчыкі – матэрыяльныя ахвяраванні, дапамога незнаёмцам і валанцёрства, – толькі пагаршаецца. Ці насамрэч прычына ў тым, што беларусы сталі менш міласэрнымі і менш здольнымі да суперажывання?

Магчыма, справа ў іншым. Сярод стымулаў, якія падштурхоўваюць да добрых учынкаў, эксперты называюць празрыстасць механізму дапамогі і яе адраснасць. У некаторых краінах гэтае пытанне вырашае “правіла аднаго працэнта”, калі грамадзяне маюць права пералічыць адзін працэнт падаходнага падатку на дзейнасць некамерцыйных, часцей за ўсё дабрачынных арганізацый. Механізм просты: так ці інакш частка зарплаты ў якасці падатку ідзе ў бюджет, але нейкі працэнт адначасова ідзе канкрэтнаму адрасату.

У Беларусі такого механізму, які стымулюе да дабрачыннасці, няма, лічыць Аляксей Кароль, адвакат адвакацкага бюро “Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры” (SP&P). “На сённяшні дзень я не чуў ад прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, што плануюцца змены. Таксама ў падрыхтаваных законапраектах не змяшчаецца ніякіх нормаў наконт з’яўлення такога правіла. Але, калі дзяржава дасць такое права грамадзянам ці бізнес-кампаніям, я лічу, яна атрымае значна больш, стымулюючы ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці”, – выказаў думку ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі “Vatican News” юрыст.

“[Людзі будуць вырашаць, куды накіраваць сродкі і адчуваць сябе часткай чагосьці большага, адчуваць сваё ўздзеянне на жыццё грамадства. Раней ці пазней наша дзяржава павінна прыйсці да гэтага]”

, – дадаў ён.

Дзяржава, якая дэкларуе сацыяльна-арыентаваную палітыку, тлумачыць адвакат, таксама можа быць зацікаўлена ў гэтым: бо грошы з бюджэту і без таго прызначаны для ўразлівых груп насельніцтва, культурных, грамадскіх праектаў.

“Правіла аднаго працэнта” можа стаць так званым народным голасам на карысць той ці іншай справы. Больш таго, існаванне такога права ў іншых краінах паказвае, што людзі, якія ніколі не ахвяравалі, пачынаюць гэта рабіць актыўна, што ўрэшце павышае сацыяльную адказнасць грамадзян.

Для Касцёла ў Беларусі, як і іншых рэлігійных аб’яднанняў, гэта тэма актуальная, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Калі я сустракаюся з дабрачыннымі арганізацыямі, наведваю Касцёл у Літве, Польшчы, Германіі, Італіі – паўсюль такая практыка існуе. Яна ёсць у многіх краінах, і гэта вельмі вялікая дапамога. Магчыма, нават няверуючыя людзі бачаць, што ёсць дабрачынная рэлігійная арганізацыя, і давяраюць ёй свае грошы, вераць, што яны не расплывуцца, дойдуць да адрасата. І таму хочуць прымаць удзел у дабрачыннай дзейнасці", - заўважыў ён.

“[У Беларусі такога няма, тут патрэбна заканадаўства, і я неаднойчы ўздымаў гэтае пытанне – можа, нехта нарэшце пачуе”]”

, - выказаў спадзяванне старшыня епіскапату Беларусі.

У любым выпадку “правіла аднаго працэнта” – права, а не абавязак. Чалавек можа сам вырашаць: ахвяраваць частку падатку ці не, і каму ахвяраваць. Спіс такіх устаноў – дабрачынных, рэлігійных, грамадскіх – зацвярджаецца афіцыйна. Яны ж, у сваю чаргу, атрымліваюць больш шырокія магчымасці для рэалізацыі праектаў. На гэта ўказаў дырэктар гомельскай Дабрачыннай каталіцкай Місіі “Карытас-Міласэрнасць” кс. Юрый Варанко. Сёння, на жаль, дабрачынныя арганізацыі ў Беларусі працуюць у асноўным дзякуючы замежнай спонсарскай дапамозе.

“[Становішча даволі складанае, даводзіцца разлічваць толькі на знешнюю дапамогу, цяжка шукаць рэсурсы ўнутры краіны. Але пры наянаўсці такога падатку, можна было б планаваць сваю дзейнасць на год і на большы тэрмін, ствараць бюджэт]”

, - лічыць ксёндз Юрый.

Святар адзначыў, што арганізацыі, якія маглі б разлічваць на працэнт ад падатку, імкнуліся б развіваць найбольш актуальныя, цікавыя праекты, што спрыяла б здаровай канкурэнцыі і развіццю дабрачыннасці; увогуле гэтаму паспрыяў бы адпаведны закон.

Гутарка аб неабходнасці яго прыняцця вядзецца даўно, але да гэтага часу безвынікова. Ёсць дакументы, якія часткова рэгулююць пытанні дабрачыннасці (нормы Грамадзянскага кодэксу, Указ “Аб прадастаўленні і аказанні спонсарскай дапамогі”, Дэкрэт “Аб аказанні замежнай спонсарскай дапамогі”), але адзінага заканадаўчага акту няма. Менавіта ў ім таксама можна было б замацаваць “правіла аднаго працэнта”, але, як патлумачыў адвакат Аляксей Кароль, гэта патрабавала б таксама і зменаў у Падатковым кодэксе. У такім выпадку, сцвярджае юрыст, дапамога будзе і празрыстай, і адраснай, і сістэматычнай. Галоўнае – дазволіць, а механізм можа быць прапісаны ці ў лакальных актах арганізацыі, ці ў дагаворы паміж наймальнікам і супрацоўнікам. “Плюс, калі гэты механізм будзе замацаваны па ўсёй краіне, кожная кампанія зможа вырашыць: пра які фонд ці арганізацыю ёй, так скажам, “клапаціцца”, - адзначыў ён.

“[Калі кожны вырашыць, каго падтрымліваць, мы атрымаем фінансаванне ўсіх арганізацый. Я думаю, што гэта будзе вельмі цікава, цікава для кожнага грамадзяніна”]”

, - лічыць беларускі юрыст.

Трэба сказаць, што і сёння для сістэматычнай дабрачыннасці ў Беларусі ёсць варыянты. Напрыклад, юрыдычная асоба мае права аказаць разавую адрасную дапамогу ці пералічыць на дабрачыннасць працэнт ад свайго прыбытку (і гэта дазваляе мець права на падаткавую льготу). Фізічная асоба праз заяву ў бухгалтэрыю можа адлічваць частку дахода на дабрачыннасць. Але ў гэтым выпадку фінансавая нагрузка на даход становіцца большай, у адрозненні ад “правіла аднаго працэнта”, які ў ідэале ўжо з’яўляецца часткай падатку. І гэта яшчэ адна акалічнасць: ствараць дабро такім чынам проста.

Дапамагаць – проста! Ці ж гэта не сучасны трэнд? Недарэмна, як нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тэма валанцёрства паўстала на апошнім пасяджэнні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. “Еўрапейскія біскупы падкрэслівалі: дзе ёсць валанцёрства, там грамадства развіваецца добрым шляхам. Кожны можа адчуваць сваю адказнасць за іншага чалавека. Калі б у Беларусі рэалізавалася такая праграма, было б вельмі добра. Гэта адбывалася б у сусветным стрыме, і ў выніку большую дапамогу атрымалі б тыя, хто яе чакае”, - упэўнены старшыня беларускага епіскапату.

Паводле таго ж рэйтынгу World Giving Index - 2018, за апошні год грошы на дабрачыннасць ахвяравалі крыху больш за 20% беларусаў. Шмат гэта ці не?.. Лідзіруе ў спісе – Інданэзія, у топ-5 таксама ўваходзяць Аўстралія, Новая Зеландыя, ЗША і Ірландыя. Розныя кантыненты, рэлігіі, прававыя сістэмы. Розныя магчымасці дапамагаць, над якімі усё ж вышэй стаціць само жаданне гэта рабіць. Не дзеля рэйтынгу...

Навіна ў фармаце аўдыё
11 снежня 2018, 11:14