Пошук

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 

Арцыбіскуп Кандрусевіч падвёў вынікі года і падзяліўся планамі

Наступны год у Касцёле ў Беларусі пройдзе пад знакам працы з сям’ёй і моладдзю. Душпастырскія планы агучыў 19 снежня 2018 г. у Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Натхненнем сталі падзеі адыходзячага года: Сусветная сустрэча сем’яў у Ірландыі і Сінод Біскупаў на тэму моладзі ў Ватыкане. Гэтым напрамкам у Беларусі заўсёды надаецца ўвага, заўважыў іерарх, але ў 2019 г. яна будзе павялічана.

Падводзячы вынікі 2018 г., арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на іншыя тэмы, звязаныя з сям’ёй. Напрыклад, дыскусію ў Беларусі вакол законапраекту аб барацьбе з хатнім гвалтам. Каталіцкі Касцёл выказаўся супраць дакумента. Па-першае, у ім прасочваліся пастулаты гендарнай ідэалогіі, што супярэчаць хрысціянскаму вучэнню. Па-другое, такія важныя ініцыятывы трэба абмяркоўваць з удзелам рэлігійных груп.

“Мы і Праваслаўная Царква гатовыя абмяркоўваць гэты дакумент з уладамі, таму што праект быў падрыхтаваны без нас, яго нам толькі паказалі. Ніхто не бачыў, не прапаноўваў Канферэнцыі Біскупаў. Ёсць розныя спецыялісты... Давайце разам абмяркоўваць!”, - падкрэсліў іерарх.

Выказаўся арцыбіскуп Кандрусевіч і аб рэзанансных міжнародных падзеях. Свет абмяркоўвае разрыў у сям’і Праваслаўных Цэркваў. Для ўсіх хрысціян – гэта сум і боль, падкрэсліў ён. “Гэта ўнутраная справа Праваслаўнай Царквы. Можна было б сказаць “мая хата з краю”, але ж Праваслаўная Царква – Царква Хрыстова. Царква, Касцёл – містычнае цела Езуса Хрыста. Мы суперажываем усім гэтым цяжкасцям, з якімі сутыкнулася Праваслаўная Царква ва Украіне. Напэўна, трэбы “лячыць” гэтую сітуацыю. Пакуль афіцыйнай пазіцыі Ватыкана няма”, - пракаментаваў іерарх.

Няма адказу пакуль і на просьбу вернікаў зрабіць выхадным днём 1 лістапада. Праблема, між іншым, і ў тым, лічаць у Канферэнцыі Біскупаў, што ў грамадстве існуе дысбаланс: з’явіліся заклікі зрабіць выхадным днём 2 лістапада. Арцыбіскуп паставіў кропку над “і”. “Я нават не магу прасіць 2-га, таму што гэта літургічны Успамін памерлых вернікаў, а не свята. Трэба разам прасіць адну дату. Хачу нагадаць, што свята – 1 лістапада, а 2 лістапада – успамін. Ці будзем яшчэ прасіць? Мяркую, што так. Трэба стукаць і можа хто адчыніць дзверы”, - сказаў ён.

Пасля прэс-канферэнцыі у Мінска-Магілёўскай курыі адбылася аплаткавая сустрэча з журналістамі. Біскупы пажадалі супрацоўнікам СМІ поспехаў і натхнення.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2018, 15:25