Пошук

Арган у пінскай катэдры Арган у пінскай катэдры 

Беларусь: арганны фестываль імя кардынала Казіміра Свёнтка

Адзін з самых старажытных і другі па велічыні беларускі арган – ён месціцца ў Пінскай катэдры – загучыць па-новаму. Тут арганізоўваюць фестываль арганнай музыкі імя кардынала Казіміра Свёнтка.

Плануецца, што на працягу лета арганісты з розных краін будуць даваць у храме канцэрты. Старт мерапрыемству плануецца даць напрыканцы мая 2019 г. Пра дакладныя тэрміны і расклад канцэртаў стане вядома неўзабаве. Ініцыявала фестываль катэдральная парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры падтрымцы сектара культуры гарвыканкама, паведаміла Беларускай службе Vatican News сябра Рады па справах літургіі і музыкі Пінскай дыяцэзіі, арганістка Вікторыя Куцько.

Паводле яе, сярод галоўных ідэй і мэт фестывалю – ушанаванне імя адзінага беларускага кардынала, 80-годдзе святарства якога будзе адзначацца сёлета. “Па-другое – паказаць наш катэдральны арган шырокаму колу слухачоў. Бо гэта адзін з самых старажытных і, на жаль, мала задзейнічаных у канцэртным выкананні інструментаў. І па-трэцяе – немалаважна далучаць вернікаў, жыхароў і гасцей горада да слухання твораў духоўнай музыкі, навучыць іх слухаць, разумець і любіць такую незвычайную для сучаснага свету музыку”, - пракаментавала Вікторыя Куцько.

Важна і тое, што Пінск быў абраны культурнай сталіцай Беларусі 2019 году, таму арганны фестываль будзе адным з галоўных мерапрыемстваў, якія пройдуць з нагоды надання гораду такога статусу. У перспектыве штогадовы фестываль арганнай музыкі мог бы стаць брэндам сталіцы Палесся і прыцягваць у горад турыстаў.

Арган пінскай катэдры быў пабудаваны майстрам Адальбертам Градніцкім у Вільні ў 1837 г. Інструмент мае 1049 галасоў, 36 дзейных рэгістраў, два мануалы, 1498 труб – драўляных і металічных, вышынёй да чатырох метраў. Цікава, што грошы на рэканструкцыю пінскага аргана нядаўна выдаткоўваў беларускі мецэнат Юры Зісер, заснавальнік партала Tut.by.

Жыццё кардынала Казіміра Свёнтка цесна звязанае з пінскім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1954 г. ён, будучы святаром, вярнуўся са сталінскіх лагераў і з таго часу служыў у парафіі больш за 50 гадоў. У 2001 г. па ініцыятыве іерарха – на той час ужо кардынала – была адноўлена пінская семінарыя, якая размясцілася ў карпусах былога кляштара пры катэдры. Пасля смерці ў 2011 г. кардынал Свёнтэк быў пахаваны ў крыпце святыні.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 студзеня 2019, 12:02