Пошук

Кардынал Франсіска Ладарыя Фэрэр Кардынал Франсіска Ладарыя Фэрэр 

Дэлегацыя Кангрэгацыі веравучэння накіравалася ў Тайланд

У Бангкоку (Тайланд) распачынаецца сустрэча старшынь дактрынальных камісій епіскапатаў Азіі і дэлегацыі Кангрэгацыі веравучэння на чале з яе прэфектам, кардыналам Франсіска Ладарыя Фэрэрам.

Форум будзе трываць тры дні і завяршыцца 18 студзеня 2019 г. Яго арганізатарам выступае кіраўніцтва Федэрацыі Біскупскіх канферэнцый Азіі.

“Сустрэча такога роду сведчыць пра жаданне Кангрэгацыі Веравучэння падтрымаць мясцовыя епіскапаты ў іх намаганнях па пашырэнні і абароне дактрыны веры з улікам спецыфічных выклікаў, з якімі сутыкаецца сёння азіяцкі кантынент”, - гаворыцца ў прэс-рэлізе сустрэчы.

Дактрынальныя камісіі былі заснаваны ў рамках кожнага епіскапату па распараджэнні Паўла VI, дадзеным адначасова з заснаваннем у 1967 г. Кангрэгацыі веравучэння. Гэтыя камісіі выконваюць кансультатыўную ролю ў намаганнях біскупскіх канферэнцый і асобных біскупаў па захаванні чысціні веры і маралі.

Каб узмацніць супрацоўніцтва паміж дактрынальнымі камісіямі епіскапатаў і Кангрэгацыяй веравучэння, яе тагачасны прэфект, сёння Папа на пенсіі Ёзаф Ратцынгер вырашыў перыядычна склікаць старшынь камісій на кантынентальным узроўні. Адметнасцю такіх сустрэч з’яўляецца той факт, што менавіта прадстаўнікі Кангрэгацыі выязджаюць на тыя ці іншыя кантыненты, каб такім чынам падкрэсліць важнасць мясцовых структур і іх адказнасць за стан дактрынальных пытанняў.

Першая падобная сустрэча сабрала разам прадстаўнікоў епіскапатаў Лацінскай Амерыкі і прайшла ў Багаце, сталіцы Калумбіі, у 1984 г. Затым адбыліся яшчэ сем форумаў на розных кантынентах, у тым ліку ў Азіі ў 1993 г. Апошні да гэтага часу з’езд меў месца ў венгерскім Эстэргоме ў 2015 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 студзеня 2019, 09:58