Пошук

Кардынал Пьетра Паралін Кардынал Пьетра Паралін 

Кардынал Дзяржсакратар з візітам у Польшчы

На важнасць еднасці ўсяго Каталіцкага Касцёла з Апостальскай Сталіцай і вернасці Пантыфіку звярнуў увагу кардынал Пьетра Паралін у звароце да польскіх біскупаў.

Дзяржсакратар Яго Святасці знаходзіцца ў якасці спецыяльнага Папскага легата з візітам у Польшчы, прымеркаваным да 100-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і краінай і векавога юбілею польскага епіскапату.

Звяртаючыся да біскупаў, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што на першым пасля аднаўлення незалежнасці краіны пасяджэнні епіскапату Польшчы, якое праходзіла 12-14 сакавіка 1919 г., старшынстваваў мансеньёр Ахіле Раці, будучы папа Пій ХІ, які ў той час быў Апостальскім візітатарам у Польшчы і Літве. Спасылаючыся на гэты факт, кардынал Паралін адзначыў вялікае значэнне “еднасці з Пятровай Сталіцай і вернасці Біскупу Рыма”.

Іерарх падкрэсліў, што на працягу ўсёй гісторыі Касцёл у Польшчы характарызавала моцная повязь са Святым Айцом.

“[Гэта з’яўляецца ўмовай еднасці касцёльнай супольнасці, бо Наступнік св. Пятра з’яўляецца “трывалай і бачнай асновай і падмуркам еднасці і супольнасці]”

, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Кардынал Паралін падкрэсліў таксама, што еднасць з Папам – гэта гарантыя свабоды ад зямной улады і ад пошуку асабістых інтарэсаў. “Яна забяспечвае адкрытасць на Паўсюдны Касцёл і вымярэнне каталіцкасці, баронячы ад небяспекі замыкання ў сабе або выкарыстання рознымі сіламі: палітычнымі, нацыяналістычнымі ці замежнымі”, - сказаў іерарх.

Папскі пасланнік звярнуў увагу на культурную сітуацыю ў Еўропе, пазначаную адмовай ад хрысціянскіх каранёў, уплывам індывідуалістычнага, нацыяналістычнага і сепаратысцкага мыслення, якое пагражае згодзе на кантыненце, здабытай коштам вялікіх ахвяр дзвюх сусветных войнаў.

Перад абліччам такой сітуацыі, паводле кардынала Параліна, актуальна гучаць словы св. Яна Паўла ІІ, які заклікаў Касцёл станавіцца прыладай прымірэння і адзінства ў грамадстве.

“[Еўропа патрабуе хрысціянскага сведчання, сапраўднага прыкладу жывой веры, якая будзе яднаць народ і рабіць яго гасцінным, адкрытым, поўным павагі да іншага чалавека]”

, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Адным з этапаў візіту кардынала Дзяржсакратара ў Польшчу стала св. Імша ў варшаўскім касцёле Божага Провіду. У гаміліі ён заклікаў вернікаў да ўдзячнасці Богу за дар абрання на Пасад св. Пятра папы Францішка – “пакорнага і адначасова моцнага правадыра”.

Пасланнік Святога Айца заўважыў таксама, што Хрыстус з’яўляецца не проста заснавальнікам новай рэлігіі, але Месіяй, адзіным, хто можа збавіць чалавек, хто можа даць яму шанс на рэалізацыю вялікага прагнення жыцця і шчасця, якое носіць у сэрцы. Такім чынам, хрысціянства – гэта не інтэлектуальная сістэма, але сустрэча, падзея, гісторыя любові і збаўлення, падкрэсліў кардынал Паралін.

У рамках візіту кіраўнік ватыканскай дыпламатыі сустрэўся таксама з Прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і Прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 сакавіка 2019, 10:49