Балгарыя рыхтуецца да сустрэчы Святога Айца
Біскуп Крыста Пройкаў, старшыня Міжабрадавай Канферэнцыі Біскупаў Балгарыі, прызнаўся, што епіскапат запрасіў Папу адразу пасля яго абрання. “Гэта не стала, вядома, аргументам, які пераважыў. Усё вырашыў стыль Францішка, для якога адным з прыярытэтаў з’яўляюцца перыферыі грамадства і Касцёла. Балгарыя з’яўляецца паўднёвымі варотамі Еўропы і першай хрысціянскай краінай кантынента. Пасля Грузіі, мы – другая праваслаўная краіна, якую Святы Айцец наведае падчас свайго пантыфікату”, - заўважыў іерарх.
Ён адзначыў, што пілігрымка Францішка стане вялікай падзеяй не толькі для балгарскіх католікаў, але і ўсяго 7-мільённага насельніцтва краіны. “Вырасла новае пакаленне, якое ўпершыню ўбачыць Папу. Усе католікі ахвотна і з энтузіязмам чакаюць Францішка”, - сказаў біскуп Пройкаў.
Паводле іерарха, візіт дэманструе, што Каталіцкі Касцёл памятае пра малы статак балгарскіх католікаў. Ён запэўніў, што ў сустрэчах з Пантыфікам у Ракаўскім і Сафіі прыме ўдзел максімальна вялікая колькасць католікаў абодвух абрадаў, якіх у Балгарыі каля 60 тыс.