Касцёл у Беларусі абяцае падтрымку вернікам Францыі
Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе маліцца, каб храм, які з’яўляецца святыняй для ўсіх хрысціян, не толькі католікаў, быў адноўлены як мага хутчэй, заявіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі 16 красавіка 2019 г., падчас перадвелікоднай сустрэчы з журналістамі.
“Я сам некалькі разоў маліўся ў гэтым Саборы, там знаходзіцца адна з галоўных святынь хрысціянства – цярновы вянец Хрыста. Гэта каталіцкі храм, але ў ім маліліся і хрысціяне іншых канфесій. Таксама і я разам з братамі праваслаўнымі там маліўся. Выказваю спачуванні і маральную падтрымку. Напэўна, будуць нейкія магчымасці дапамагчы матэрыяльна. Сёння немагчыма ўявіць Парыжа без Нотр-Дам – ён дарагі ўсім хрысціянам. Зараз французскія вернікі патрабуюць падтрымкі, і Каталіцкі Касцёл у Беларусі яе абяцае: будзем маліцца, каб Сабор быў адноўлены як мага хутчэй”, - сказаў старшыня беларускага епіскапату.
Іерарх лічыць, што не трэба “містыфікаваць” трагічнай падзеі, хоць пажар і адбыўся ў Вялікім тыдні. Трэба чакаць вынікаў расследавання. Але і яшчэ раз задумацца аб абароне і захаванні хрысціянскай веры.