Ватыканскі кардынал пра сучасныя выклікі для Касцёла
У апошні час вельмі вырас скептыцызм адносна Касцёла, адзначыў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю швейцарскаму „Migros-Magazin”. Значную ролю тут адыгралі выпадкі сексуальных злоўжыванняў духавенства. Рашэнне такіх праблем з’яўляецца складаным пытаннем, якое датычыцца прысутнасці Касцёла ў свеце, напрыклад, па прычыне культурных адрозненняў.
Кіраванне Касцёлам звязана з шматлікімі цяжкасцямі, падкрэсліў кардынал Кох, і параўнаў ролю Папы да горнага гіда. “Часам, трэба ісці наперад і паказаць шлях, іншым разам вярнуцца, каб паглядзець, ці нехта не застаўся ззаду, а часам трэба быць разам, сярод усіх. Гэта цяжкая задача, якой не пазайздросціш”, - патлумачыў ватыканскі іерарх.
Становішча Касцёла адрозніваецца на розных кантынентах. У Еўропе хрысціянства перажывае няпростую сітуацыю: рэлігія больш не з’яўляецца прадметам публічнай дыскусіі, але прыватнай справай. Касцёл павінен пастаянна спасылацца на сацыяльныя праблемы, паколькі ў адваротным выпадку існуе рызыка, што яго не пачуюць. Важна таксама, каб Касцёл прымаў удзел у актуальнай дыскусіі, выразна прадстаўляў сваю пазіцыю, напрыклад, па пытаннях міграцыі, беднасці, тэрарызму або кліматычных змен, і паказаў, што хрысціянская перспектыва застаецца важнай і актуальнай, - падкрэсліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.