Папа запэўніў у малітве за памерлага кардынала Сфэйра
“Святы Айцец быў паінфармаваны пра смерць кардынала Насралы Бутраса Сфэйра, мараніцкага Патрыярха Антыёхіі на пенсіі. Папа запэўнівае ў сваёй малітве за яго, яго блізкіх і ўсю Мараніцкую Царкву”, - паведаміў часовы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Алесандра Джызоці.
Кардынал Насрала Бутрас Сфэйр нарадзіўся ў 1920 г. у цэнтральным Ліване. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1950 г. Праз адзінаццаць гадоў быў прызначаны Генеральным вікарыем Антыяхійскага Патрыярхату Мараніцкай Каталіцкай Царквы і прыняў біскупскую сакру. У 1986 г. стаў Патрыярхам. Кардынальскую годнасць у 1994 г. яму надаў св. Ян Павел ІІ. На пасадзе Патрыярха Мараніцкай Каталіцкай Царквы іерарх заставаўся да 2011 г.
Пасля смерці кардынала Бутраса Сфэйра Калегія кардыналаў налічвае 221 іерарха, з якіх 120 маюць права голасу ў выпадку правядзення канклаву.