Кардынал Сара пра крызіс: трэба ўважліва чытаць Бэнэдыкта XVI
“Давайце прызначым для Бога цэнтральнае месца ў Касцёле. Няхай наша літургія прызнае прымат Бога, Яго аб’ектыўную і рэальную прысутнасць”, - сказаў кардынал Рабер Сара, выступаючы падчас канферэнцыі ў Цэнтры св. Людовіка ў Рыме.
Іерарх запрасіў да ўважлівага прачытання аналізу злоўжыванняў, падрыхтаванага Бэнэдыктам XVI. У ім Папа-эмерыт робіць выснову, што асноўнай прычынай крызісу з’яўляецца выключэнне Бога і будаванне Касцёла паводле чалавечага ўяўлення. Гэта стварыла атмасферу, у якой сталі магчымымі злоўжыванні. Менавіта падчас асабістых размоў з ахвярамі педафіліі ён усвядоміў неабходнасць абнаўлення веры ў рэальнасць Езуса Хрыста, дадзенага нам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, і больш пабожнай цэлебрацыі Эўхарыстыі.
“Бэнэдыкт XVI зразумеў, што павага да эўхарыстычнага Цела Пана вызначае павагу да чыстага і нявіннага дзіцячага цела. (...) Падтрымліваючы Папу-эмерыта, я глыбока перакананы, што калі мы не будзем ушаноўваць эўхарыстычнага Цела нашага Бога, калі мы не будзе ставіцца да Яго з радаснай бояззю і поўнай павагай, то можа з’явіцца спакуса апаганьвання дзіцячага цела”, - сказаў кардынал Сара.
Спасылаючыся на словы Бэнэдыкта XVI, афрыканскі іерарх падкрэсліў, што на самой справе гэта не Касцёл сёння знаходзіцца ў крызісе, але мы. Д’ябал хоча пасеяць сумнеў, але Бог ніколі не пакіне свайго Касцёла. Ад Бога зыходзіць яго аўтарытэт, а не з меркавання або статыстыкі людзей”, - падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.