Маладыя эксперты будуць размаўляць пра “эканоміку Францішка”
Мерапрыемства пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Біскуп Даменіка Сарэнціна, пастыр дыяцэзіі Асізі-Начэра Умбрыя-Гуальда Тадзіна, патлумачыў, што назва сустрэчы спасылаецца, у першую чаргу, на св. Францішка Асізскага, але і на грамадска-эканамічнае вучэнне Святога Айца, які адкрыта кажа пра “паталогію” сучаснай “забойнай эканомікі”. Яе ахвярамі становяцца як людзі, так і навакольнае асяроддзе.
У кантэксце такой сітуацыі, католікі, “калі маюць вочы, каб бачыць, і сэрцы, каб любіць”, не могуць заставацца абыякавымі. Яны павінны спрыяць навяртанню, як асабістаму, так і сацыяльнаму. Дапамагчы ў гэтым, на думку іерарха, павінен асізскі форум.
Гаворачы пра значэнне месца сустрэчы, біскуп нагадаў, што менавіта Асізі з’яўляецца радзімай “альтэрнатыўнай эканомікі”, уважлівай да бедных і экалогіі. Тут св. Францішак учыніў жэст вялікай салідарнасці, калі адмовіўся ад багаццяў і прысвяціў сябе клопату пра патрабуючых і стварэнне.
Ідэя правядзення форума нарадзілася напярэдадні Сінода Біскупаў на тэму моладзі, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку 2018 г. Яе аўтарамі з’яўляюцца біскуп Сарэнціна і італьянскі эканаміст Луіджына Бруні. Папа з энтузіязмам успрыняў ініцыятыву, якая павінна мабілізаваць моладзь да ініцыявання змен у эканамічнай і прадпрымальніцкай сферах.