Пошук

Францішак падчас сустрэчы з Жанам Ванье 21 сакавіка 2014 г. у Ватыкане Францішак падчас сустрэчы з Жанам Ванье 21 сакавіка 2014 г. у Ватыкане 

Пантыфік пра памерлага Жана Ванье

Святы Айцец падзяліўся сваім сведчаннем пра памерлага Жана Ванье, заснавальніка супольнасці “Каўчэг” і руху “Вера і Святло”. Гэта адбылося 7 мая 2019 г. на борце самалёта, па дарозе з Скоп’е ў Рым.

“Я ведаў пра захворванне Жана Ванье. Яго сястра Жэнеўева Жэнагро рэгулярна інфармавала мяне. Тыдзень таму я патэлефанаваў яму. Ён слухаў, але амаль не мог гаварыць”, - прызнаўся Папа.

Францішак выказаў падзяку “за сведчанне чалавека, які ўмеў прачытаць хрысціянскія патрабаванні праз таямніцу смерці, крыжа, хваробы, таямніцу пагарджаных і адпрэчаных светам асоб”. Ён заўважыў, што Ванье “працаваў не толькі на карысць апошніх сярод людзей, але і тых, каго яшчэ перад нараджэннем прысуджаюць да смерці”.

“Менавіта так ён пражыў сваё жыццё. Проста дзякую яму, дзякую Богу, што Ён даў нам чалавека з цудоўным сведчаннем”, - сказаў Пантыфік.

Жан Ванье нарадзіўся ў 1928 г. у глыбока веруючай каталіцкай сям’і. Яго бацька быў генерал-губернатарам Канады. У трынаццаць гадоў Жан паступіў у марское афіцэрскае вучылішча ў Англіі і стаў марскім афіцэрам. Аднак у 1950 г. ён пакінуў ваенна-марскі флот, каб вывучаць філасофію і тэалогію ў Парыжы. Тут пазнаёміўся з дамініканінам Тама Філіпам, душпастырам псіханеўралагічнага інтэрната, які стаў яго духоўным айцом. Менавіта святар пазнаёміў Жана з светам людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі, паказаў іх асаблівыя адносіны з Богам, іх шлях да святасці, жывую прысутнасць Хрыста ў іх і тое, як яны могуць сведчыць Евангелле.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 мая 2019, 14:02