Папскі візіт у Рымынію па слядах Яна Паўла ІІ
Ватыканскі Дзяржсакратар падкрэсліў, што з вуснаў Францішка будуць гучаць частыя спасылкі на візіт у краіну 20 гадоў таму св. Яна Паўла II. Таксама выразны акцэнт будзе пастаўлены на экуменізме і пабудове адзінства на разнастайнасці. Гэта звязана з рэаліямі румынскага грамадства: яно пераважна праваслаўнае, але тут жывуць і католікі розных абрадаў. Румынія таксама разнастайная з этнічнага пункту гледжання: тут вельмі моцная венгерская меншасць, з якой Пантыфік сустрэнецца ў марыйным санктуарыі ў Сумулеу-Чук.
Трэба нагадаць, што роўна 20 гадоў таму, у маі 1999 г., у Румыніі быў св. Ян Павел II. Яго візіт можна назваць гістарычным, паколькі адчыніў для яго дзверы ў іншыя краіны з праваслаўнай большасцю. Запомніліся крыкі з натоўпу падчас сустрэчы Папы і праваслаўнага Патрыярха: “Адзінства, адзінства”. “Гэта быў, вядома, першы крок, крок фундаментальнай важнасці”, - лічыць кардынал Паралін.
Францішак падчас свайго падарожжа хоча рухацца па слядах Яна Паўла ІІ, ён жадае паставіць яшчэ адзін крок у кірунку экуменізму. “Я думаю, што з экуменічнага пункту гледжання, варта падкрэсліць дзве рэчы. Па-першае, той факт, што Румынія з’яўляецца скрыжаваннем, на якім сустракаецца ўсходняя і заходняя Еўропа, з’яўляецца мостам паміж рознай рэальнасцю. Другое – гэта агульнае сведчанне. Мы сустракаемся тут з тым, што Францішак называе экуменізмам крыві. Католікі і праваслаўныя пакутавалі падчас панавання атэістычнага рэжыму, які таптаў свабоду веры і правы вернікаў”, - звярнуў увагу бліжэйшы супрацоўнік Папы і кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.
31 мая 2019 г. Францішак распачне свой ужо 12-ы візіт у посткамуністычную краіну. Ён наведаў 6 дзяржаў, якія да пачатку 1990-х былі часткай Савецкага Саюза : Арменію, Азербайджан, Эстонію, Грузію, Літву і Латвію, а таксама Албанію, Боснію і Герцагавіну, Балгарыю, Паўночную Македонію, Польшчу, а цяпер Румынію.