Пошук

Ватыканская марка, прымеркаваная да візіту Папы ў Румынію Ватыканская марка, прымеркаваная да візіту Папы ў Румынію 

Румынія рыхтуецца сустрэць Святога Айца

Румынія рыхтуецца сустрэць Пантыфіка, які, прыняўшы запрашэнне мясцовых уладаў і епіскапату, здзейсніць Апостальскі візіт у краіну. Ён будзе праходзіць з 31 мая па 2 чэрвеня 2019 г. і ўключыць 4 горада.

Прыбываючы ў Румынію праз 20 гадоў пасля візіту св. Яна Паўла II, Францішак абвесціць благаслаўлёнымі сем грэка-каталіцкіх епіскапаў, якія пацярпелі за веру падчас панавання камуністычнага рэжыму.

Візіт будзе праходзіць у станоўчай атмасферы, паведаміў кс. Вільгельм Данко, каардынатар медыя ў рамках падарожжа. За некалькі тыдняў да яго на вуліцах сталіцы адчуваецца дух радасці, вялікага чакання і гасціннасці. “Наш народ – гасцінны. Да падрыхтоўкі прыцягнута шмат людзей. Народнае святкаванне, якое мы арганізавалі 11 мая ў кантэксце папскага візіту, пацвердзіла гэта”, - адзначыў святар у інтэрв’ю “SIR”.

Улічваючы насычаную праграму падарожжа, якое пройдзе ў няпросты для краіны перыяд, арганізацыйныя мерапрыемствы патрабуюць немалых высілкаў. “Сам факт, што Папа спыніцца ў нас на тры ночы, пацвярджае далікатнасць візіту, з’яўляецца знакам увагі і блізкасці да нашай супольнасці і жадання ўзмацняць экуменічны дыялог”, - дадаў дэкан Факультэта каталіцкай тэалогіі ў Бухарэсце.

Для ўдзелу ў св. Імшы ў санктуарыі Шумулео-Чук зарэгістравалася ўжо 110 тыс. чалавек, на сустрэчу ў Ясах і Блаж – больш за 50 тыс. Вельмі высокі паказчык у Бухарэсце, дзе жадаючыя ўбачыць Пантыфіка запоўняць вуліцы, па якіх ён будзе праязджаць.

У кантэксце таго, што візіт будзе адбывацца праз месяц пасля наведвання Балгарыі і Паўночнай Македоніі, дзе, як і ў Румыніі, большасць складаюць праваслаўныя, кс. Данко адзначыў: “Мы сустракаем цікавасць і павагу з боку Праваслаўнай Царквы да гэтага візіту. Некаторыя яе прадстаўнікі выказалі жаданне прысутнічаць на розных мерапрыемствах. Каталіцкі Касцёл захоўвае скарб сяброўства, які не могуць скампраметаваць асобныя галасы фундаменталісцкага характару”.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 мая 2019, 13:59