Пошук

Кардынал Бутрас Сфэйр Кардынал Бутрас Сфэйр 

Святы Айцец спачувае пасля смерці ліванскага кардынала Сфэйра

Францішак выказаў спачуванні пасля смерці ліванскага кардынала Насралы Бутраса Сфэйра, які адышоў у вечнасць 12 мая 2019 г. у Бейруце на 100-м годзе жыцця.

Пантыфік адзначыў, што на працягу многіх гадоў іерарх кіраваў Мараніцкай Патрыяршай Царквой Антыёхіі “з лагоднасцю і стараннасцю”. У тэлеграме на імя кардынала Бешары Бутраса Раі, цяперашняга кіраўніка супольнасці, ён назваў памерлага “свабодным і смелым чалавекам”, “галоўным архітэктарам з’яднання, спакою і прымірэння”, “заўзятым абаронцам суверэнітэту і незалежнасці сваёй краіны”, “вялікай асобай у гісторыі Лівана”. Папа ўзносіць малітвы да міласэрнага Бога аб вечным спакоі для пастыра, “які ўмеў сведчыць Божую любоў да людзей”.

Кардынал Сфэйр нарадзіўся ў 1920 г. у цэнтральным Ліване. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1950 г. Праз адзінаццаць гадоў прыняў біскупскую сакру і быў прызначаны Генеральным вікарыем Антыяхійскага Патрыярхату Мараніцкай Каталіцкай Царквы. У 1986 г. стаў яе Патрыярхам. Кардынальскую годнасць у 1994 г. яму надаў св. Ян Павел ІІ. На пасадзе Патрыярха ён заставаўся да 2011 г.

Пасля смерці кардынала Сфэйра, Калегія кардыналаў налічвае 221 іерарха, з якіх 120 будуць мець права голасу ў выпадку правядзення канклаву.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 мая 2019, 11:04