Кардынал: абарона стварэння тычыцца асноўных ісцін веры
Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека даслала лісты іерархам усіх краін свету з запрашэннем падрыхтаваць годнае перажыванне экуменічнага месяца малітвы аб ахове навакольнага асяроддзя.
Кардынал Пэдра Барэта Хімэна, намеснік старшыні Панамазонскай касцёльнай сеткі, суарганізатара ініцыятывы, нагадаў, што сёлетняя тэма – “Сетка жыцця, – спасылаецца на Амазонію і яе повязі з жыццём усёй Зямлі. Месяц малітвы стане магчымасцю звярнуць увагу на гэты рэгіён свету, важны для ўсяго чалавецтва. Ён дадаў, што кожная касцёльная супольнасць сама вырашыць, якімі будуць форма і характар мерапрыемстваў.
Перуанскі іерарх таксама распавёў пра генезіс ініцыятывы і чаканні, звязаныя з ёй. “Кожны год мы вызначаем час, прысвечаны стварэнню, бо гэта тычыцца асноўных ісцін каталіцкай веры. У Credo мы кажам, што Бог ёсць Створцам неба і зямлі. Акрамя таго, мы хочам праслаўляць Бога-Створцу і абараняць Яго стварэнне, наш агульны дом, які Ён нам даў”, - сказаў Кардынал Барэта на спецыяльнай прэзентацыі ў Ватыкане.
Іерарх прызнаўся, што марыць, каб прынамсі некаторыя з складаных пытанняў, звязаных з абаронай стварэння, сталі вядучымі тэмамі ў мясцовых Касцёлах на ўзроўні малітвы, літургіі, сумеснай дзейнасці або ў разважанні над энцыклікай “Laudato sí”. Але гаворка ідзе не толькі пра разважанні, - заўважыў кардынал - але і пра дзейнасць і вырашэнне канкрэтных праблем.
“Час усяго стварэння” – гэта экуменічная акцыя, да якой штогод далучаюцца Каталіцкі Касцёл, Англіканская Царква, Сусветная Лютэранская Федэрацыя, Сусветная Рада Цэркваў і Сусветны Евангелічны Альянс. З 1 верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, па 4 кастрычніка 2019 г. (успамін св. Францішка з Асізі) хрысціяне ўсяго свету духоўна яднаюцца ў малітве і на акцыях, накіраваных на ахову планеты і навакольнага асяроддзя.