Пошук

Благаслаўлёны Міхал Гедройц Благаслаўлёны Міхал Гедройц 

Пантыфік: новы благаслаўлёны аб’ядноўвае палякаў і літоўцаў

Францішак лічыць, што прыклад новага благаслаўлёнага павінен дапамагчы ўмацаваць сувязі паміж польскім і літоўскім народамі. Ён заявіў пра гэта 9 чэрвеня 2019 г., перад малітвай “Уладарка неба”.

“Учора ў Кракаве прайшла ўрачыстая цэлебрацыя, падчас якой дзякавалі за пацвярджэнне культу благаслаўлёнага Міхала Гедройца. У ёй прынялі ўдзел біскупы Польшчы і Літвы. Гэта падзея заклікае палякаў і літоўцаў умацаваць сувязі ў знак веры і ўшанавання благаслаўлёнага Міхала, які жыў у Кракаве ў XV стагоддзі і быў узорам пакоры і евангельскай любові”, - сказаў Папа.

7 лістапада 2018 г. Пантыфік упаўнаважыў Кангрэгацыю па справах кананізацыі абнародаваць дэкрэт аб гераічнасці цнотаў і пацвярджэнні спрадвечнага культу Міхала Гедройца – так званая “раўназначная беатыфікацыя”. Гэта ўключыла новага благаслаўлёнага ў літургічны каляндар і дало дазвол на яго ўшанаванне ў месцах, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.

Гедройц нарадзіўся каля 1420 г. у літоўскім мястэчку Гедрайчай, а памёр у Кракаве ў 1485 г. Ён паходзіў з княжацкай сям’і. Па прычыне калецтва адмовіўся ад свецкай кар’еры і ўступіў у кляштар Ордэна Аўгустыніянаў у мястэчку Быстрыцы, сёння на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў Беларусі. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Святарскае пасвячэнне не прыняў і да канца жыцця служыў сакрыстыянінам у аўгустыніянскім касцёле св. Марка Евангеліста ў Кракаве. Вёў пабожнае і аскетычнае жыццё, быў вядомы сваёй вялікай сціпласцю, пакорай і ўвагай да хворых і бедных. Ужо пры жыцці лічыўся святым, празорцам і цудатворцам.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 чэрвеня 2019, 11:59