Біскупы Японіі на “Дзесяць дзён у абарону міру”
Штогадовае мерапрыемства праходзіць з 6 па 15 жніўня пад эгідай японскага епіскапату ў памяць пра ахвяр атамных бамбардаванняў Хірасімы і Нагасакі. Канферэнцыя Біскупаў Японіі традыцыйна скіравала спецыяльную заяву з гэтай нагоды.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ў лістападзе 2019 г. Японію наведае Францішак. Іерархі выказалі спадзяванне, што адсюль Пантыфік зноў звернецца з заклікам да міру ў свеце, як гэта зрабіў падчас візіту ў Хірасіму 25 лютага 1981 г. св. Ян Павел ІІ.
Паводле японскіх іерархаў, пагроза ядзернай зброяй не можа быць адказам на шматлікія праблемы, якія існуюць у свеце. “Стабільнасць, якая грунтуецца на страху, толькі памнажае страх і кампраметуе давер у адносінах паміж народамі”, - папярэдзілі яны.
“Мір паміж народамі і стабільнасць не могуць грунтавацца на фальшывым пачуцці бяспекі, на пагрозе ўзаемнага знішчэння ці татальнага разбурэння, ці толькі на падтрымцы раўнавагі сіл. Мір павінен будавацца на справядлівасці, на інтэгральным чалавечым развіцці, на павазе да правоў чалавека, на абароне навакольнага асяроддзя, на ўдзеле ўсіх у грамадскім жыцці, на даверы паміж народамі, на падтрымцы мірных інстытуцый, на доступе да адукацыі і аховы здароўя, на дыялогу і салідарнасці”, - гаворыцца ў пасланні японскага епіскапату.
Пастыры Касцёла ў Японіі нагадалі, што Апостальская Сталіца адной з першых ратыфікавала Дамову аб забароне ядзернай зброі і стала арганізатарам канферэнцыі на тэму ядзернага раззбраення, якая прайшла ў Ватыкане ў лістападзе 2017 г.