Пошук

Статуя св. Бэнэдыкта. Ілюстрацыйнае фота Статуя св. Бэнэдыкта. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар да манахаў: быць маяком, які дае бачыць твар Бога

Быць маяком, які асвятляе ноч і дапамагае бачыць міласэрнае аблічча Пана, заклікаў манахаў старажытнага абацтва Монтэ-Алівета-Маджорэ кардынал Пьетра Паралін.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы здзейсніў візіт у італьянскі бэдэдыктынскі кляштар, дзе ўзначаліў Эўхарыстыю. Пілігрымка была прымеркавана да літургічнага ўспаміну св. Бэнэдыкта Нурсійскага, апекуна Еўропы, што адзначаўся ў Касцёле 11 ліпеня.

Кардынал Паралін назваў Рэгулу св. Бэнэдыкта “сапраўднай катэдрай мудрасці, заснаванай не на пяску лёгкіх эмоцый і памкненняў, шчодрых, але не зусім разважлівых і слабых, а на трывалай скале моцнай веры, загартаванай досведам, практыкаваннем пакаяння і цнотаў”.

Паводле Дзяржсакратара, прыклад св. Бэнэдыкта з’яўляецца “яскравым шляхам удасканалення, прапанаваным нашаму пакаленню і нашаму часу”, у які існуе гарачае прагненне моцных кропак апоры. Ён з’яўляецца нібыта компасам, што дапамагае плыць не натыкаючыся на падводныя камяні.

Ватыканскі іерарх назваў манахаў “маяком, пастаўленым на гары”, а таксама заклікам “да жыцця, напоўненага сэнсам, якое з’яўляецца такім таму, калі прынесена ў дар і напоўнена мірам, нягледзячы на памылкі, грахі, чалавечыя слабасці і трагедыі гісторыі”.

Паводле кардынала Параліна, кляштары павінны быць “рэальнай альтэрнатывай сучаснаму свету”, “аазісам, у якім можна знайсці суцяшэнне падчас бураў”, а таксама “надзейным і моцным сігналам на шляху, часам заблытаным і пакручастым, мноства людзей, якія шукаюць навобмацак таго збаўлення і шчасця, якое могуць з лёгкасцю знайсці, калі толькі ўздымуць вочы да Езуса і да Яго Маці, Марыі”.

Дзяржсакратар Яго Святасці заклікаў манахаў быць “маяком, які асвятляе ноч і дазваляе разглядзець бацькоўскае і міласэрнае аблічча Пана”. Сваім паслядоўным ладам жыцця, манахі могуць прадэманстраваць усім, што “магчыма перамагчы духоўную свецкасць, якую Францішак шматразова называў адной з самых вялікіх небяспек”, падкрэсліў высокі ватыканскі іерарх.

Кляштар Монтэ-Алівета-Маджорэ знаходзіцца ў італьянскім рэгіёне Таскана. Ён быў заснаваны ў XIV ст. і з’яўляецца галоўным духоўным цэнтрам Бэнэдыктынскай кангрэгацыі Найсвяцейшай Марыі з гары Алівета – мужчынскай манаскай супольнасці, адгалінавання Ордэна св. Бэнэдыкта.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 ліпеня 2019, 13:41