Кардынал: Папа можа наведаць Ірак вясной 2020 г.
Патрыярх Халдэйскай Царквы заўважыў, што візіт Пантыфіка можа адбыцца, калі ў Іраку не будзе напружанасці і праблем з бяспекай. Паводле яго слоў, Францішак можа адведаць не толькі Багдад, але таксама Неджэф, Ур і Эрбіль у Курдскай аўтаномнай акрузе.
Кардынал Сако выказаў спадзяванне, што падчас візіту ў Неджэф, большасць насельніцтва якога складаюць шыіты, Папа зможа сустрэцца з іх духоўным лідэрам, аяталой Алі Сістані, і падпісаць разам з ім дакумент аб братэрстве паміж людзьмі, які падпісаў у Абу-Дабі з суніцкім лідэрам, імам Ахмедам аль-Таебам.
Ён распавёў, што ў горадзе Ур магла бы адбыцца міжрэлігійная сустрэча “Дзеці Абрагама”, а ў Эрбіле – сустрэча з бежанцамі з Ніневійскай раўніны.
Кардынал Сако падкрэсліў, што Францішак – “адкрыты чалавек, які шукае міру і братэрства”. “Усе ў Іраку, хрысціяне і мусульмане цэняць яго за прастату і блізкасць. Яго словы кранаюць сэрцы ўсіх, бо з’яўляюцца словамі пастыра. Ён – чалавек, які можа прынесці мір. Шмат мільёнаў мусульман сачыла за візітам Папы ў Абу Дабі. Так жа будзе ў Іраку”, - запэўніў Патрыярх.
Паводле іракскага іерарха, Папа прыбудзе як “новы Эзэхіэль, каб расчыніць браму для мірнай будучыні”. Эзэхіэль быў прарокам у Вавілоніі, які прапаведваў адраджэнне сярод яўрэяў, выгнаных са сваёй зямлі – такіх жа бежанцаў, як сучасныя блізкаўсходнія хрысціяне. “Маю надзею на адраджэнне Іраку і іракцаў, малюся аб новым жыцці”, - дадаў кардынал.
Францішак неаднаразова заяўляў аб сваім жаданні наведаць Ірак. Апошні раз тэма візіту ўздымалася ў чэрвені, падчас яго сустрэчы з членамі фонду ROACO, які займаецца дапамогай Усходнім Каталіцкім Цэрквам. Папа падкрэсліваў, што жадае наведаць блізкаўсходнюю краіну ў 2020 г.
У снежні 2018 г. Ірак наведаў з афіцыйным візітам бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца – кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.