Ватыканскі іерарх: мір у плюралістычным свеце – магчымы
Форум, у якім прынялі ўдзел каля 40 рэлігійных лідэраў і навукоўцаў, адбыўся з нагоды 550-годдзя з дня нараджэння гуру Нанака, індыйскага містыка і заснавальніка сікхізму. Ён быў прысвечаны ўзаемаадносінам паміж сікхамі і хрысціянамі.
Біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот заўважыў, што для захавання міру, важна па-сапраўднаму жыць сваёй верай, застаючыся ўкаранёнымі ў каштоўнасцях узаемаразумення, братэрства і гарманічнага суіснавання.
Трэба, каб усе рэлігіі ўмелі прызнаваць і прадбачаць узнікненне цемры на духоўным, маральным і грамадска-культурным узроўні. Неабходна садзейнічаць сяброўскім сувязям, паважаючы годнасць і цэласнасць кожнага чалавека; супольна працаваць на карысць агульнага дабра, клапоцячыся пра самых бедных.
Мірнае суіснаванне ў плюралістычным свеце вымагае таксама спрыяння культуры дыялогу і супрацоўніцтва паміж рознымі традыцыямі, усведамлення адметнасцей, якія павінны ўспрымацца не ў якасці пагрозы, але патэнцыйнай крыніцы росту і ўзбагачэння. Нарэшце, патрэбна малітва і пост у інтэнцыі міру, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
67-гадовы біскуп Мігель Анхель Аюса Гішот, быў прызначаны старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу 25 мая 2019 г. Дагэтуль ён быў сакратаром гэтай ватыканскай дыкастэрыі.