Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

80-годдзе кардынала Брэдзі: у Калегіі 118 выбаршчыкаў

16 жніўня 2019 г. споўнілася 80-гадоў кардыналу Шону Бэптысту Брэдзі, арцыбіскупу Армы на пенсіі, былому прымасу Каталіцкага Касцёла ў Ірландыі.

Будучы высокі іерарх нарадзіўся ў Драмкалпіне, у графстве Каван, на паўночным усходзе цэнтральнай часткі Ірландыі. Вучыўся ў Папскім латэранскім універсітэце. У 1964 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Пасля абароны доктарскай дысертацыі па кананічным праве займаўся выкладчыцкай і душпастырскай дзейнасцю ў Ірландыі. З 1980 г. па 1993 г. – віцэ-рэктар Папскага ірландскага калегіума ў Рыме. У 1994 г. прызначаны арцыбіскупам-каад’ютарам Армы, а праз два гады – арцыбіскупам Армы і прымасам Каталіцкага Касцёла ў Ірландыі. З 1996 па 2014 г. – старшыня Канферэнцыі Біскупаў Ірландыі. У 2007 г. Бэнэдыкт XVI надаў яму кардынальскую годнасць. 8 верасня 2014 г. Францішак прыняў просьбу аб адстаўцы з пасады арцыбіскупа Армы, прадстаўленую іерархам па дасягненні 75-гадовага ўзросту.

Пасля дасягнення кардыналам Шонам Брэдзі 80-гадовага ўзросту з 216 членаў Калегіі кардыналаў 118 іерархаў маюць права голасу пры выбары Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 жніўня 2019, 13:19