Біскупы ЗША супраць вяртання смяротнага пакарання
Старшыня камітэта епіскапату па справах нацыянальнай справядлівасці і чалавечага развіцця, біскуп Франк Дьюэн заклікаў улады адмовіцца ад вяртання да смяротнага пакарання і прыняць да ўвагі вучэнне Касцёла на гэтую тэму.
У спецыяльнай заяве іерарх нагадаў прамову Францішка перад членамі Амерыканскага кангрэсу ў 2015 г., у якой Пантыфік, спасылаючыся на сваіх папярэднікаў, заклікаў да адмены смяротнага пакарання ва ўсім свеце, паколькі “справядлівае і неабходнае пакаранне” не можа “выключаць права на надзею і мэты, якой з’яўляецца выпраўленне”. Біскуп Дьюэн таксама звярнуўся да Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які характарызуе смяротнае пакаранне як напад на непарушнасць і годнасць чалавека.
Біскупы ЗША ўжо 40 гадоў заклікаюць да адмены смяротнага пакарання. Яны выказалі гэта, між іншым, у заяве ад 2005 г. “Культура жыцця і смяротнае пакаранне”.
Старшыня камітэта епіскапату па справах нацыянальнай справядлівасці і чалавечага развіцця заклікаў федэральныя ўлады ўлічваць вучэнне Касцёла, а таксама доказы, якія паказваюць на няправільнае прымяненне смяротнага пакарання, і адмовіцца ад абвешчаных планаў.
Смяротнае пакаранне на федэральным узроўні ў ЗША не выкарыстоўваецца ўжо 16 гадоў. Гэты мараторый, аднак, быў неафіцыйным. Зараз абвешчана аб планах пакараць смерцю ў 2020 г. 5 з 62 федэральных зняволеных, прысуджаных да вышэйшай меры.
Смяротнае пакаранне, якое існавала з пачатку паўстання ЗША, было адменена ў 1972 г. Аднак яго вярнулі праз чатыры гады. Незалежна ад федэральнага ўзроўню, вышэйшая мера выкарыстоўваецца ў 29 з 50 штатаў.