Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Дзяржсакратар: мір – самае каштоўнае багацце

Кардынал Пьетра Паралін прыняў удзел у традыцыйнай штогадовай цырымоніі ў санктуарыі Маці Божай з Монтэ-Грапа ў італьянскіх Альпах. Яна прайшла 4 жніўня 2019 г.

Капліца ў гэтым маляўнічым месцы з трагічнай гісторыяй узнікла ў 1901 г. па ініцыятыве Патрыярха Венецыі Джузэпэ Мелькіорэ Сарта, будучага папы Пія Х. Па традыцыі ў кожную першую нядзелю жніўня вернікі з рэгіёна Венета прыбываюць сюды, каб памаліцца ля цудадзейнай бронзавай фігуры Маці Божай.

У гады Першай сусветнай вайны ў ваколіцах санктуарыя праходзілі цяжкія баі, падчас якіх загінулі каля 23 тыс. салдат – італьянцаў, аўстрыйцаў, венграў, чэхаў, славакаў, харватаў, баснійцаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Яны пахаваны на тэрыторыі мемарыяльнага вайсковага комплексу Монтэ-Грапа, які тут быў адкрыты ў 1935 г.

У капліцы санктуарыя кардынал Пьетра Паралін узначаліў св. Імшу, падчас якой нагадаў словы Францішка пра тое, што “прагнасць і нястрыманае жаданне назапашвання багаццяў крок за крокам забівае любоў”, а таксама становіцца прычынай шматлікіх войнаў, ад якіх пакутуе чалавецтва.

“Нам усім трэба вызваліцца ад цяжкога стану, які матэрыяльны дабрабыт, дасягнуты на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, стварыў у нашым духоўным жыцці, робячы нас цёплымі ў адносінах да Бога і ўсяго, што тычыцца хрысціянскай веры”, - заклікаў высокі ватыканскі іерарх.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы пажадаў, каб успамін пра загінулых у часы Першай сусветнай вайны заахвоціў да больш рашучых дзеянняў на карысць міру, які з’яўляецца не проста адной з шматлікіх дабротаў, але самым вялікім багаццем, каштоўнасць якога “мы яшчэ далёкія, каб зразумець і асабліва, каб яго рэалізаваць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 жніўня 2019, 11:11