Пошук

Кардынал Рабер Сара Кардынал Рабер Сара 

Кардынал-прэфект: грамадству здаецца, што можна жыць без Бога

Па-сапраўднаму бедны – не той, у каго няма матэрыяльных дабротаў, ежы і адзення, але той, каму не хапае Бога. Без Бога чалавек трапляе ў бяду, якая вядзе яго ў бездань роспачы, - заўважыў кардынал Рабер Сара.

Прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў узначаліў урачыстасці ў гонар св. Аўгустына, якія прайшлі на яго магіле ў Павіі, на поўначы Італіі.

Святы палюбіў Бога позна, і на працягу ўсёй маладосці шукаў шчасця без Яго. У гэтым плане сучасны чалавек падобны да Аўгустына; яму здаецца, што можна абысціся і без Бога. Наша грамадства, як нагадвалі апошнія Пантыфікі, жыве ў маўклівым адступніцтве і рэлятывізме, не звяртаючы на існаванне Бога ніякай увагі, - сказаў ватыканскі кардынал.

Ён падкрэсліў, што сучасны свет хоча аддаліць чалавека ад Бога, прапаноўваючы ідэалогіі, якія топчуць Евангелле і Божыя запаведзі. “Таксама ўнутры Касцёла ёсць пастыры, якія падманваюцца гэтымі ідэалогіямі, прапануюць іх вернікам і думаюць, што такім чынам дэманструюць больш прывабнае Евангелле, з якім лягчэй жыць”, - сказаў афрыканскі кардынал. Ён нагадаў, што Езус прыйшоў з Евангеллем патрабавальным, якое можна рэалізаваць толькі ў тым выпадку, калі да канца выконваць Яго слова.

Кажучы пра постаць св. Аўгустына, кардынал-прэфект падкрэсліў, што ён вучыць нас абапіраць усё сваё жыццё на Богу, развіваць з Ім блізкія, містычныя адносіны з дапамогай частай і настойлівай малітвы, сузірання і маўчання. Калі мы застанёмся моцнымі ў веры, нас нічога не пахісне. “Такое сведчанне даюць нам першыя хрысціяне”, - падкрэсліў кардынал Рабер Сара.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 жніўня 2019, 15:40