Сінод Біскупаў па Амазоніі: аднавіць місійны запал Касцёла
Фрагмент разважання кардынала Клаўдыё Хумэса, старшыні Панамазонскай Касцёльнай Сеткі, змешчанага ў яго кнізе “Сінод па Амазоніі”, апублікавала ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.
У тэксце пурпурат часта спасылаецца на прамову папы Францішка падчас яго сустрэчы з біскупамі Бразіліі ў рамках Сусветнага Дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 г.
“Сінод павінен будзе стаць моцным момантам, каб нанова запаліць падманутую надзею і пераадолець пачуццё бяссілля. Яго заданнем будзе аднавіць місійны запал, упэўненасць і радасць Божага паклікання да місіі”, - піша іерарх.
Спасылаючыся на Францішка, кардынал Хумэс заўважае, што перад абліччам адыходу многіх хрысціян ад веры ці іх пераходу ў іншыя канфесіі Касцёл можа выглядаць занадта “ўразлівым”, “халодным”, “засяроджаным на сабе”, і дадае, што ў падобнай сітуацыі знаходзіцца і Касцёл у Амазоніі. Складваецца ўражанне, што шматвекавыя здабыткі місіі губляюцца.
На гэтую сітуацыю аўтар кнігі адказвае словамі Святога Айца: “Не хапае Касцёла, які б не баяўся ўвайсці ў цемру іх ночы. Мы маем патрэбу ў Касцёле, здольным сустрэць гэтых асоб на іх жа шляху, (...) весці дыялог з тымі вучнямі, якія, уцякаючы з Ерузалема, блукаюць без мэты, самотныя, у суправаджэнні ўласнага расчаравання”.
Кардынал Хумэс нагадвае, што, на думку Пантыфіка, Амазонія ўяўляе для Касцёла “вырашальны іспытны стэнд”. Касцёл у Амазоніі павінен быць адначасова “настойлівым і адважным”. У гэтым рэгіёне набыткі шматвяковай працы таксама могуць быць страчаны, калі не адбудзецца місійнага і душпастырскага навяртання з улікам культуры карэннага насельніцтва.
Падсумоўваючы свае разважанні, старшыня Панамазонскай Касцёльнай Сеткі падкрэслівае, што мэта Сінода Біскупаў па Амазоніі ў тым, каб аднавіць місійны, прароцкі, міласэрны Касцёл і не сыходзіць з галоўных накірункаў працы, якімі павінны заставацца “новыя шляхі”, “карэнныя народы” і “інтэгральная экалогія”.
Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне будзе праходзіць у Ватыкане з 6 па 27 кастрычніка 2019 г.