Святая Зямля: пераследу хрысціян няма, ёсць дыскрымінацыя
“Калі вы – хрысціянін, вам больш складана знайсці месца для жыцця і працы. Карацей, жыццё тут не простае, нармальнае”, - заўважыў арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала.
Іерарх нагадаў, што ў Ізраілі налічваецца каля 130 тыс. хрысціян арабскага паходжання і 80 тыс. хрысціянскіх імігрантаў. У Палестыне жыве каля 50 тыс. паслядоўнікаў Хрыста. Ён таксама адзначыў, што ў супольнасці склалася дрэннае ўражанне пра становішча хрысціян у Іраку ці Сірыі. Калі такія рэчы адбываюцца там, чаму яны не могуць здарыцца ў нас? – пытаюцца мясцовыя хрысціяне.
Кажучы пра ўплыў Каталіцкага Касцёла на сітуацыю ў Святой Зямлі, Апостальскі адміністратар адзначыў, што яму цяжка выконваць адмысловыя задачы, бо ён знаходзіцца ў меншасці. “Наша роля заключаецца не ў тым, каб пабудаваць мост паміж ізраільцянамі і палестынцамі, - сцвердзіў арцыбіскуп Піцабала - калі яны хочуць размаўляць адно з адным, могуць зрабіць гэта і без нас”. Аднак ён прызнаў, што важную ролю Касцёла пацвярджае вялікая колькасць пілігрымаў, якія прыязджаюць з усяго свету, каб наведаць святыя месцы.
Акрамя таго, Касцёл з’яўляецца носьбітам пэўнага ладу жыцця. “На гэтай канфліктнай зямлі мы можам заставацца прыкладам таго, як не ўжываць сілу, не мець ворагаў, як шукаць і будаваць добрыя міжасобасныя адносіны з усімі. Гэта не час для вялікіх жэстаў. Касцёл павінен шукаць спосаб стварэння невялікіх сувязяў, маленькіх мастоў з усімі, у адпаведнасці з нашым хрысціянскім ладам жыцця”, - лічыць Апостальскі адміністратар лацінскага Іерусалімскага Патрыярхату.