Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Турызм і духоўнасць: кляштары як месца адпачынку

Сярод турыстаў расце папулярнасць “духоўнага” адпачынку – у гасцініцах пры кляштарах. Толькі ў Італіі колькасць такіх запытаў за апошнія два гады павялічылася ўдвая.

Адпаведныя даныя прыводзіць Фабіа Рокі, кіраўнік некамерцыйнай асацыяцыі “Італьянская рэлігійная гасціннасць”, – сеткі гасцявых дамоў і гасцініц пры кляштарах, якая дзейнічае пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Па ацэнках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Італіі, 1,6% турыстычнага сектара краіны прыходзіцца на такі “духоўны адпачынак”.

Падобная практыка карысная для абодвух бакоў: турысты атрымліваюць магчымасць узнавіць духоўныя сілы, пабыць у цішыні і атмасферы спакою і прыязнасці, у той час як рэлігійныя структуры, якія забяспечваюць такі адпачынак, атрымліваюць сродкі для сваёй дзейнасці на карысць патрабуючых.

“Паколькі няма пасрэднікаў, манаскія ордэны і дыяцэзіі могуць выкарыстоўваць частку прыбытку ад прыняцця гасцей у дабрачыннай дзейнасці, як, напрыклад, арганізацыя сталовак для бедных, прытулкаў для бяздомных і падтрымка місій”, - тлумачыць Фабіа Рокі. Па яго словах, двухтыднёвы адпачынак аднаго чалавека ў рэлігійнай структуры дазваляе прыгатаваць 50 гарачых абедаў для бедных.

Для тых, хто мае тэрміновую патрэбу ў адпачынку ў сувязі з надзвычай цяжкімі абставінамі жыцця, аднак не мае адпаведнай матэрыяльнай магчымасці, асацыяцыя “Італьянская рэлігійная гасціннасць” прадугледзела так званыя “дармовыя тыдні”.

Ініцыятыва называецца “Міласэрная гасціннасць” і рэалізуецца пад патранатам Душпастырства па турызме пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Італіі. Ідэя зарадзілася тры гады таму з нагоды Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці і была ўхвалена папам Францішкам. За час ажыццяўлення ініцыятывы, супрацоўнікі асацыяцыі арганізавалі ўжо каля 35 тыс. дзён адпачынку для людзей у патрэбе.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 жніўня 2019, 14:12