Ватыканскі іерарх у Меджугор’і: Евангелле – свабода для ўсіх
Арцыбіскуп Рына Фізікела звярнуўся да моладзі з катэхезай, у якой распавёў, што значыць быць місіянерам у сучасным секулярызаваным грамадстве.
“Евангелле – гэта прапанова свабоды для ўсіх. Яно з’яўляецца збаўленнем для тых, хто прагне даць сэнс свайму жыццю і гатовы адкрыць сэрца, каб дазволіць сіле ласкі перамяніць яго”, - сцвердзіў высокі ватыканскі іерарх.
Старшыня Папскай рады заўважыў, што фундаментальнай рысай новай евангелізацыі павінна быць павага да свабоды чалавека. Распавядаць пра Хрыста трэба з далікатнасцю, але, адначасова, з гарачым сэрцам, з усведамленнем таго, што кажам пра Божага Сына і Збаўцу.
Іерарх заклікаў моладзь памятаць пра важнасць паслухмянасці Святому Духу, пра гатоўнасць пакінуць свае заняткі, наследуючы Яго. “Будзем бегчы па шляху, каб дасягнуць тых, хто мае прагненне Бога і тугу па Ім. Прынясём гэтым людзям слова, якое збаўляе і прабачае, слова, якое кажа пра Любоў, бо скіроўвае позірк на саму крыніцу любові: Хрыста, уцелаўлёнага Божага Сына, памерлага і ўваскрослага дзеля нас”, - сказаў ён.
XXX Моладзевы фестываль у Меджугор’і распачаўся 1 жніўня 2019 г. і працягваўся шэсць дзён. У форуме прынялі ўдзел каля 50 тыс. чалавек з усяго свету, сярод іх – біскупы і кардыналы. Арцыбіскуп Фізікела ўзначаліў св. Імшу, якая прайшла 6 жніўня на завяршэнне фестывалю.