Візіт Папы ў тры краіны Афрыкі – важны для ўсяго кантынента
Так лічыць кс. Агбонхіянмэгэ Арабатар, старшыня Канферэнцыі вышэйшых езуіцкіх настаяцеляў Афрыкі і Мадагаскара. Нігерыйскі езуіт верыць, што Святы Айцец умацуе сэрцы людзей, якія кожны дзень сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі. Паводле яго, прычынай карупцыі, гвалту, галечы, беспрацоўя, міграцыі і палітычнай дысфункцыі з’яўляецца адсутнасць належнага кіраўніцтва. “Нашы кіраўнікі, - кажа святар, - падобныя да старазапаветных пастухоў, якія пасуць саміх сябе, а не авечак (Ез. 34, 2-5). Яны могуць шмат чаму навучыцца ў пастырскім падыходзе Францішка”.
Кс. Арабатар прызнаўся, што ў Афрыцы шмат выкінутых на ўзбочыну грамадства, якія павінны адчуць, што Касцёл – іх дом, а не бязлітасны суддзя. Езуіт таксама спадзяецца, што Францішак стымулюе мясцовыя Касцёлы, і асабліва іх пастыраў, да большага сведчання Евангелля і больш прарочага кіраўніцтва. “Касцёл у краінах, якія наведае Папа, жывы. Я спадзяюся, што Святы Айцец дапаможа аднавіць яго місію і зноў распаліць святло надзеі ў людзях, якія прывыклі жыць у сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемах”, - сказаў нігерыйскі манах.
У Мазамбіку, з насельніцтвам 30 млн, 70% – хрысціяне, у тым ліку 27% – католікі. На 27 млн насельніцтва Мадагаскара – 4 млн католікаў, а больш за палову жыхароў практыкуюць традыцыйныя племянныя вераванні. На Маўрыкіі палова насельніцтва –1,2 млн – гэта індуісты, а другая па велічыні група – 300 тыс. – менавіта католікі. Па дадзеных ААН, Маўрыкій, у адрозненне ад астатніх дзвюх краін, высока стаіць у спісе краін з развітымі эканамічнымі і рэлігійнымі свабодамі.
Францішак здзейсніць Апостальскі візіт у Мазамбік, на Мадагаскар і Маўрыкій з 4 па 10 верасня 2019 г. Ён наведае Мапуту, Антананарыву і Порт-Луі.