Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Значны рост колькасці пілігрымаў на Шляху св. Якуба

У чэрвені 49 тыс. пілігрымаў з усяго свету прыйшлі ў санктуарый у Сант’яга-дэ-Кампастэла. Гэта на цэлых 45% больш у параўнанні з чэрвенем 2010 г, калі ў іспанскім горадзе адзначаўся Год св. Якуба.

Наступным годам, калі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла можна будзе атрымаць юбілейны адпуст, стане 2021-ы.

Як сказалі ў Службе па справах пілігрымаў, што дзейнічае ў мэрыі Сант’яга-дэ-Кампастэла, значны ўзрост лічбы вандроўнікаў на Шляху св. Якуба ў сёлетнім чэрвені можна растлумачыць павелічэннем колькасці новых паломніцкіх маршрутаў.

Па дадзеных мясцовай архідыяцэзіі, у апошнія гады расце колькасць пілігрымаў-замежнікаў. Іх ужо больш за 60%. У чэрвені 2019 г., акрамя іспанцаў, самымі частымі пілігрымамі былі немцы і амерыканцы – па 4200 асоб, і італьянцы – звыш 3600.

Адзін з маршрутаў Шляху св. Якуба
Адзін з маршрутаў Шляху св. Якуба

Санктуарый у Сант’яга-дэ-Кампастэла і магіла св. Якуба, якая у ім знаходзіцца, з сярэднявечча застаюцца гістарычным цэнтрам пілігрымак з усіх куткоў Іспаніі, Еўропы і ўсяго свету. У 2010 г. сюды прыязджаў з Апостальскім візітам Бэнэдыкт XVI, які падкрэсліў, што менавіта “шляхі пілігрымаў сфарміравалі хрысціянскае аблічча Іспаніі і ўсяго кантынента”.

Каміна-дэ-Сант’яга – Шлях св. Якуба, самы папулярны пілігрымкавы маршрут праз Еўропу ў іспанскі гарадок да магілы Апостала. Існуе каля 15 розных варыянтаў Шляху, але самых папулярных чатыры: Французскі (800 км праз Пірэнеі і па цэнтральнай Іспаніі), Прымітыва (315 км, найстарэйшы і самы складаны маршрут з Ов’еда), Паўночны шлях (860 км па паўночным узбярэжжы Іспаніі) і Партугальскі (400 км з Лісабона або 240 км з Порту ўздоўж акіяна).

Навіна ў фармаце аўдыё
01 жніўня 2019, 13:14