Беларускі манах – капелан у шпіталях Берліна
Душпастырства ў буйных гарадах звязана з місіяй не толькі ў парафіі, але і ў сацыяльных і медыцынскіх установах. Беларускі манах зараз афіцыйна працуе ў сусветнавядомых клініцы “Шэрытэ” і Нямецкім кардыялагічным цэнтры. Шпіталі сёння – гэта быццам мегаполіс у мегаполісе, лічыць айцец Юрый.
“Прысутнасць Касцёла там з’яўляецца даволі сціплай: католікаў трэба шукаць, гэта не само сабой зразумела, што кожны пацыент будзе шукаць капліцу або святара. Тым не менш людзі шукаюць ксяндза, людзі патрабуюць размовы. Менш у сакраментальным значэнні, але яны шукаюць таго, хто можа іх выслухаць у складаны час”, - падзяліўся асаблівасцямі сваёй працы ў Германіі беларускі дамініканін.
Спецыфіка ў тым, што праца медыцынскага персаналу звязана з пастаянным стрэсам, адсутнасцю часу на размовы і выразнымі дзеяннямі, накіраванымі менавіта на медыцынскую дапамогу. А вось дапамога маральная – як раз задача святара, нягледзячы на тое, хто яе жадае – рэлігійны чалавек ці атэіст. Тут, перад абліччам хваробы, пацыенты часта пераасэнсоўваюць свае погляды. Таму першнайперш, упэўнены айцец Юрый, тут трэба быць распазнавальным: ён заўсёды носіць святарскую вопратку, што не зусім звыкла для секулярнага грамадства.
“У Берліне, пры ўсёй яго секулярнасці, існуе здаровая каталіцкая прысутнасць. І ў гэтых буйных шпіталях ёсць людзі з усяго свету. І католікі, якія прыехалі з ЗША, Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Мексікі, з каталіцкіх краін, і яны вельмі рады, калі бачаць у шпіталі святара і капліцу, дзе можна маліцца”, - адзначыў манах.
Калі перанесці гэта на беларускі вопыт – у краіне супрацоўніцтва з медыцынскімі ўстановамі носіць не такі афіцыйны і пастаянны характар. Часцей дазвол на душпастырства ў шпіталі залежыць ад яго кіраўніцтва. Але тое, што такая праца павінна быць – гэта адназначна, упэўнены айцец Юрый Шэнда. “Духоўная прысутнасць у месцы, дзе людзі перажываюць складаныя моманты, неабходная. Вельмі патрэбна, каб чалавек сустрэў Касцёл у такія драматычныя моманты”, - адзначыў ён.
Сёння вопыт беларускага дамініканіна вельмі карысны для ўдзельнікаў кангрэса Renovabis, а сам манах спадзяецца, што ён будзе распаўсюджвацца і ў іншых краінах.